Кіпель Вітаўт, Кіпель Зора. Беларускі друк на Захадзе. Бібліяграфія / Пад рэдакцыяй Ю. Гарбінскага й Л. Юрэвіча. Нью-Ёрк-Варшава, 2006. – 842 с.

Дасьледнікі часам наракаюць, што ў выніку ваенна-палітычнай эміграцыі 1944 г. Беларусь страціла некалькі дзясяткаў пісьменьнікаў ды культуролягаў. Можна запярэчыць: ня страціла, а набыла. Які б лёс чакаў гэтых дзеячоў з прыходам савецкай улады? Расстрэлы, высылкі, лягеры.

Прыкладам, доктара Вітаўта Тумаша, першага бурмістра Менску, калі б ня расстралялі, то выслалі б гадоў на дзесяць у Сібір. Па вяртаньні "спагадлівыя" суайчыньнікі абавязкова б забаранілі яму займацца інтэлектуальнай працай. А так ён у 1951 г. заснаваў у ЗША Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, выдаў некалькі кніг ды стаў вядомым спэцыялістам у скарыназнаўстве.

У 1944 г. пакінулі Беларусь Вітаўт Кіпель і Зора Савёнак. Іх бацькі працавалі падчас акупацыі ў грамадзка-культурных установах. Яўхім Кіпель – у выдавецка-школьным аддзеле, Лявон Савёнак – у «Беларускай газэце». Па вяртаньні саветы не пашкадавалі б ні бацькоў, ні дзяцей. На эміграцыі Вітаўт і Зора Кіпелі сталі самымі вядомымі беларусістамі на Захадзе. Справай іх жыцьця быў збор беларускага эміграцыйнага друку: кнігі, брашуры, газэты, часопісы, улёткі, адозвы. Калекцыя, якую яны зьбіралі ад 1950-х гадоў налічвае 171 скрыню і перахоўваецца на паліцах Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі. Каб яе перагледзець спатрэбіцца мінімум паўгоду.

Згаданая калекцыя і стала асновай перавыдадзенай у Варшаве бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе. Першае выданьне яе было падзеленае на дзьве кнігі «Паасобныя выданьні» (прэзэнтаваныя два гады таму ў Менску) і «Пэрыядычныя выданьні» (выдадзеныя крыху пазьней ў Нью-Ёрку). Абедзьве кнігі сталі бібліяграфічнай рэдкасьцю. Акрамя таго, за час, што прайшоў з іх выхаду, была ўдакладнена й знойдзена новая інфармацыя й насьпела неабходнасьць перавыданьня. А для зручнасьці карыстальніка рэдактары аб’ядналі абедзьве часткі пад адной вокладкай.

Храналагічна бібліяграфія асобных выданьняў (кнігі, брашуры, улёткі, адозвы, статуты, нават канцэртныя праграмкі з інфармацыяй пра Беларусь) ахоплівае пэрыяд ад 1826 г. да 2005 г. і налічвае роўна 4 500 пазыцый. Колькасьць улічаных пэрыядычных выданьняў - 446. Геаграфічна гэта беларускія друкі Заходняй Эўропы  на Захад ад Польшчы (Англія, Бэльгія, Вугоршчына, Гішпанія, Італія, Нямеччына, Сэрбія, Францыя ды інш.), а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Мэксыка, Бразылія, Аргентына. Напрыклад, у Бразыліі ў 1961 г. быў выдадзены маніфэст у партугальскай мове, які заклікаў вызваліць паняволеныя нацыі з-пад панаваньня камунізму. Ад імя беларусаў, якія былі спонсарамі выданьня, свой подпіс пад маніфэстам паставіў Язэп Сьвятовіч. А першым пэрыядычным выданьнем на Захадзе стала беларуска-літоўска-польская газэта «Zmowa-Kupis Susistarimas-Hromadzki zhowor», выдадзеная ў 1870 г. у Цурыху (Швайцарыя). Першым жа рэгулярным пэрыядычным выданьнем у беларускай мове стаў месячнік «Беларускі студэнт», выдаваны ў Празе ў 1921-1923 гг.

У прадмове да Бібліяграфіі зазначана, што ўлік эміграцыйнага друку – прычым ня толькі беларускага – вельмі складаная справа. Па-першае, на эміграцыі няма ўстановы, аналягічнай беларускай Кніжнай палаце, якая б атрымлівала ад выдаўцоў гарантаваны адзін асобнік. Таму нельга прыйсьці ў канкрэтную бібліятэку ці ўстанову і зрабіць там вопіс беларусікі. Трэба ці зьбіраць самому, ці рабіць росшукі па прыватных архівах. Некаторыя друкі выходзілі лічанымі асобнікамі. Трохтамовы збор твораў Янкі Юхнаўца быў выдадзены на сродкі аўтара колькасьцю 8-10 асобнікаў, а «Матэрыялы да беларускай эміграцыі ў Нямеччыне» ў 3-х тамах Аляксея Вініцкага – 20 асобнікаў. Магчыма, некаторыя невядомыя рарытэты эміграцыйнага друку і дасюль перахоўваецца на гарышчах дамоў эмігрантаў у Аргентыне ці Аўстраліі і яшчэ чакаюць свайго дасьледніка.

На жаль, рызыкуе стаць бібліяграфічнай рэдкасьцю й гэтае выданьне Бібліяграфіі. Перавыдадзеная ў Польшчы, кніга мае гэтулькі ж мала шанцаў дайсьці да беларускага чытача, як і першае (Ньюёрскае) выданьне часткі пра пэрыядычны друк, малавядомае ў Беларусі.

Аднак для дасьледнікаў і зацікаўленых у праблемах беларусікі на Захадзе, зьведзеная ў адно Бібліяграфія – добры падарунак. Падарункам перавыданьне можна назваць і для Вітаўта Кіпеля, якому праз паўгода, 30 траўня 2007 г., споўніцца 80 гадоў. Шкада, што друкаванае ўвасабленьне справы свайго жыцьця ня ўбачыла суаўтарка й верная спадарожніца жыцьця Зора Кіпель. Яна памерла ў красавіку 2003 г.

Цяпер Вітаўту Кіпелю даводзіцца працаваць за абаіх. Але ён адзін з тых людзей, хто ніколі не забывае пра Беларусь. Вось і гэтае выданьне ён прысьвяціў 100-годзьдзю беларускага друку – газэтам «Наша Ніва» і «Наша доля», пра што пазначана на тытульнай старонцы і ўнесена ў рэестар Кангрэсавай бібліятэкі.

Сама ж кніга - і паводле зьместу, і самім фактам свайго выданьня - ёсьць выдатным сьведчаньнем трываласьці й нязломнасьці беларусаў па-за межамі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?