Дырэктар тэлерадыёкампаніі «Магілёў» сцвярджае, што супрацоўнікі магілёўскага тэлебачання не парушылі прафесійнай этыкі, калі рабіла здымкі ў прыватным доме без дазволу гаспадароў, а таксама прызнае існаванне цеснага супрацоўніцтва сваіх журналістаў з праваахоўнымі органамі.

Магіляўчанін Уладзімір Краўчанка пасля інцыдэнту, які здарыўся вечарам 16 лістапада – калі ў яго прыватны дом уварвалася здымачная група абласнога тэлебачання і пачала рабіць здымкі без дазволу на тое, накіраваў скаргу кіраўніку Магілёўскай тэлерадыёкампаніі.

Дырэктар ТРК «Магілёў» Аляксандр Ільінскі 30 лістапада даслаў афіцыйны адказ дзе гаворыцца, што 16 лістапада па названым адрасе работнікі ТРК «сумесна з супрацоўнікам міліцыі, які праводзіў праверку захавання пашпартнага рэжыму, здымалі рэпартаж».

«Пярэчанняў на здымку ў прыватным доме ад прысутных не паступала, парушэнняў прафесійнай этыкі работнікамі тэлерадыёкампаніі ў часе здымкаў не было, што пацвярджаецца самім відэазапісам рэпартажу, – сцвярджаецца ў лісце кіраўніка магілёўскага тэлебачання. «У сувязі з вышэйвыкладзеным, лічу прэтэнзіі выкладзеныя ў вашым звароце, неабгрунтаванымі», – паведаміў А. Ільінскі.

Між тым, сюжэт з выкарыстаннем відэаздымкаў ў магілёўскім прыватным доме выйшаў у эфір Першага канала ў праграме «Панорама недели» за 3 снежня. У рэпартажы – разгубленыя твары прысутных і буйны план чэшскай госці, якая нешта гаворыць у мікрафон, але гуку гледачам не чуваць. Дэманстрацыі пашпартнай альбо якой іншай праверкі дакументаў у прысутных у рэпартажы няма. Супрацоўнік міліцыі ўвогуле ні разу не з’яўляўся ў кадры (калі ён не быў, зразумела, ў цывільным адзенні). Але ў сінхронна агучаным кавалку рэпартажу, дзе паказваюць буйным планам сп-ра Ул. Краўчанку чуваць, як ён патрабуе спыніць недазволеныя здымкі і пакінуць яго жыллё.

Голас журналісткі Ірыны Акуловіч за кадрам каментуе відэарад – нібыта ў доме адбывалася схаваная нарада замежных эмісараў з групай магілёўскай моладзі па нейкіх небяспечных ідэалагічных пытаннях, а тэма экалогіі – не больш, як прыкрыццё патаемнай сустрэчы.

Як паведаміў гаспадар жылля Ул. Краўчанка супрацоўніку службы маніторынгу БАЖ, насамрэч у той дзень у яго доме ніякай пашпартнай праверкі не праводзілася.

«Тут адбывалася сяброўская сустрэча групы магілёўскіх грамадскіх актывістаў з двума чэскімі гасцямі, абмяркоўвалася магчымае супрацоўніцтва нефармальных эколагаў Магілёва з калегамі з Чэхіі. Сустрэча, на якую ніхто не запрашаў пабочных людзей, а тым больш – тэлебачанне, была перарваная і ўрэшце сарваная нечаканым пранікненнем у дом тэлевізійнай групы ў суправаджэнні, як сапраўды выявілася пазьней, міліцэйскага афіцэра», – распавёў спадар Краўчанка.

Прадстаўнік праваахоўных органаў аднак, як сведчаць удзельнікі сустрэчы, паводзіў сябе пасіўна, цалкам аддаўшы ініцыятыву тэлевізійшчыкам. Тыя ж з парога распачалі апытанне прысутных наконт мэты іхнага знаходжання ў доме і здымкі людзей і інтэрьеру, ні ў кога не пытаючыся на тое дазволу.

Спробы ініцыятара і гаспадара сустрэчы Ул.Краўчанкі, спыніць несанкцыянаваныя здымкі спасылкамі на адпаведныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі і міжнародныя акты, што ахоўваюць прыватнае жыллё ад несанкцыянаванага пранікнення, поспеху не прынеслі. Журналісты разам з міліцянерам сыйшлі тады, калі самі палічылі сваю задачу выкананай.

Такім чынам сцверджанні дырэктара ТРК «Магілёў» А. Ільінскага, што ніхто з прысутных не пярэчыў здымкам, і гэта нібыта пацвярджаецца рэпартажам, не стыкуюцца, гаворачы прафесійнай тэлевізійнай мовай, з відэарадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?