«Маладыя дэмакраты» пачынаюць сацыяльную кампанію «Дапамажы дзяцям!». Пра гэта было абвешчана 15 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі, якую зладзілі лідэры арганізацыі Алег Корбан, Кацярына Салаўёва і Юрый Лаўрэнцьеў.

«Кампанія будзе прадстаўляць сабой збор ахвяраванняў — рэчаў, кніг, грашовых сродкаў, якія будуць накіроўвацца на дапамогу дзецям-сіротам і дзецям з малазабяспечанных сем’яў. Пасля пэўнага этапу збора сродкаў, група валанцёраў з нашай арганізацыі будзе накіроўвацца ў вызначаны дзіцячы дом, дзе апроч перадачы падарункаў, будзе ладзіцца супольная сустрэча. Дзеці жадаюць цікава праводзіць час, яны чакаюць увагі да сябе з боку грамадства, чым мы і дапаможам. Такія спатканні будзь найбольш пазітыўнымі, калі разам з валанцёрамі да дзяцей прыедуць, напрыклад, музыкі. І тут няма палітыкі, таму мы разлічваем на добрае стаўленне з боку кіраўніцтва інтэрнатаў, мясцовай улады і КДБ», — выказаў сваю думку адносна пачатку кампаніі «Дапамажы дзецям!» кіраўнік арганізацыі Алег Корбан.

«Калі падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі мы прыязджалі ў рэгіёны, часта бачылі ў якім стане жывуць дзеці ў мясцовых інтэрнатах. У некаторых установах бывае нават не хапае паперы, сродкаў гігіены і г.д. Сітуацыя ў рэгіёнах значна адрозніваецца ад Мінску, дзе можна сутрэць шмат добраабсталяваных і ўпарадкаваных устаноў для дзяцей-сіротаў. Пасля таго, што мы пабачылі, асабліва па мінскай вобласці, было прынята рашэнне распрацаваць план дзейнасці па вырашэнні існучай праблемы. Канешне, аказаць усім і паўсюль дапамогу нам не па сілам. Мы разуеем гэта. Але ўжо сёння, мы пачынаем першасную рэалізацыю нашай ініцыятывы, пачынаем з малага», — падкрэсліў сябра міжнароднай камісіі «Маладых дэмакратаў» Юрый Лаўрэнцьеў.

Кацярына Салаўёва падзялілася сваім вопытам удзелу ў падобнай акцыі, якую ладзіў «Малады Фронт». Яна зазначыла, што тры гады таму, маладафронтаўцы займаліся перадачай дзецям-сіротам беларускіх кніг, але гэта не было доўгатэрміновай кампаніяй і тым больш маштабнай рэгіянальнай акцыяй. Актывістка спадзяецца, што новая кампанія «Дапамажы дзецям!» прынясе добры вынік, пазітыў і плён.

«Маладыя дэмакраты» запрашаюць усіх неабыякавых людзей прыняць удзел у дабрачыннай сацыяльнай кампаніі «Дапамажы дзецям!». У любы працоўны дзень можна прыйсці на офіс і пакінуць любыя рэчы, ахвяраванні для дзяцей. Адрас у Мінску — вул. Харужай, 22 — 1701.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?