У Горадні на шостыя суткі спынілася пост-галадоўка пробашча і верніц парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці міласэрнасьці. Пасьля таго як галадоўнікаў падтрымаў біскуп Кашкевіч, старшыня аблвыканкаму сьпешна падпісаў дазвол, зь якім марудзіў дзесяць гадоў.

Акцыя пратэсту пачалася 1 сьнежня, калі галадоўку абвесьцілі айцец Аляксандар Шэмет і 12 парафіянак. Ад поўначы 1 сьнежня яны дамовіліся ад ужываньня ежы. Галадоўка праходзіла ў драўлянай капліцы, дзе штодня зьбіраюцца на набажэнствы вернікі. Галадоўнікі дамагаліся, каб гарадзкія ўлады далі пісьмовы дазвол на пабудову храму, якога парафіяне ня могуць атрымаць дзесяць гадоў. Найстарэйшая ўдзельніца галадоўкі мела 79 гадоў.

Айцец Шэмет кажа: «Першапачаткова думаў, што гэтую акцыю падтрымаюць толькі чацьвёра парафіянак, але пасьля ранішняй імшы ўбачыў, што верніц засталося нашмат болей. Я запытаўся, ці засталіся яны памаліцца, ці зь якой іншай патрэбы. Адказалі, што таксама будуць пасьціцца. Казаў, што старэйшыя людзі няхай пратрымаюцца тры дні, іншыя пяць, я, як маладзейшы, буду галадаць болей, колькі Бог дазволіць».

Спачатку гаварылася пра тое, што вернікі будуць знаходзіцца ў капліцы толькі днём, а на ноч вяртацца дадому, але галадоўніцы прынялі рашэньне заставацца ўвесь час унутры збудаваньня. Коўдры і падушкі ўдзельніц пост-галадоўкі былі разьмешчаныя проста вакол алтара.

«У пятніцу раніцай прыходзіў да нас нейкі «гэбіст», штодня ля капліцы дзяжурыць нейкая машына, – гаворыць Аляксандар Шэмет. – Прыходзіла журналістка зь мясцовай газэты «Пэрспэктыва», пыталася, нашто я даю зьвесткі пра галадоўку апазыцыйным выданьнем. Адказваю, што для мяне няма розьніцы між дзяржаўнымі і недзяржаўнымі, а адказваю тым, хто выказвае цікавасьць да нашага пратэсту. Я не раблю з галадоўкі палітычную акцыю, і журналісты, дзякуй ім за гэта, усё разумеюць».

Цягам выходных кепска зрабілася дзьвюм верніцам. Уначы на панядзелак гіпэртанічны крыз здарыўся з 68-гадовай Тарэзай Мілашэўскай, яе забрала дадому дачка, якая жыве каля капліцы. Спадарыня Мілашэўская была вымушаная перапыніць сваю галадоўку. Хуткая дапамога таксама прыяжджала да 71-гадовай Ірэны Гілюк, але апошняя засталася з удзельнікамі посту.

У нядзелю галадоўнікаў наведаў біскуп гарадзенскай епархіі Аляксандар Кашкевіч разам зь іншымі сьвятарамі з Горадні, Ліды ды іншых местаў. Біскуп Кашкевіч выступіў зь невялічкай прамовай перад імшой, дзе адзначыў, што ён разам зь вернікамі ў іхнім змаганьні за справядлівасьць.

Айцец Шэмет кажа, што не чакаў візыту такога высокага госьця. «Для мяне гэта была надзвычай прыемная нечаканасьць, – кажа сьвятар. – Біскуп блаславіў нас у нашай справе, а пасьля прыватна запытаўся, чаму я не прыйшоў напярэдадні посту-галадоўкі ў курыю, калі мяне выклікалі. Адказаў шчыра, што забаяўся, забаяўся таго, што акцыя ня будзе падтрыманая».

У посьце-галадоўцы ня ўдзельнічаў ніводны мужчына. «Яны ўсе баяцца, – кажа айцец Шэмет. – Пасьля, канечне, ім будзе сорамна перад гэтымі сьвятымі жанчынамі, што галадалі не яны, але цяпер ахвотных далучыцца да нас мужчынаў няма».

Таксама былі візыты ад прадстаўнікоў Саюзу палякаў, што ўзначальвае Анжаліка Борыс, прыяжджаў польскі консул. Зь Менску ў Горадню завіталі Ўладзімер Мацкевіч і Дзяніс Гіль, які бралі ўдзел у пост-галадоўцы вернікаў царквы «Новае жыцьцё». Уладзімер Мацкевіч кажа: «У гарадзенцаў больш сьціплыя і аскетычныя ўмовы, чым былі ў нас. Нас вельмі цёпла прынялі, мы расказалі пра ўласную галадоўку. гэтыя бабулькі пакінулі на нас вельмі моцнае ўражаньне, шкада толькі, што сярод удзельнікаў няма моладзі і мужчынаў. Відаць, гэтыя бабулькі больш моцныя ў сваёй веры».

У аўторак капліцу наведаў прадстаўнік рады па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Папоў. «Ён прынёс дакумэнт, які дазваляў нам будаўніцтва касьцёлу, але мы адмовіліся яго прыняць, бо ён быў напісаны на імя сьвецкага чалавека. Я сказаў, што ліст мусяць быць накіраваны асабіста біскупу, – кажа а.Аляксандар. – У сераду 6 сьнежня да нас у капліцу прыехаў біскуп Кашкевіч, які прывёз афіцыйны дакумэнт пад подпісам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі, які дазваляе нам будоўлю. Трымаць далей галадоўку ня мае сэнсу, мы дамагліся свайго. Біскуп Кашкевіч падзячыў жанчынам, што ўдзельнічалі ў пратэсьце, за іхнію веру. Цяпер жанчыны плачуць і моляцца, яны вельмі задаволеныя, што галадалі не дарма».

Гэта ўжо чацьверты выпадак, калі галадоўка пратэсту дала плён. Раней посьпеху дабіліся менскія пратэстанты, віцебскія і берасьцейскія прадпрымальнікі. Праўда, у будучыні галадоўнікаў звычайна чакалі новыя нападкі і падкрэсьленая ўвага органаў улады.

Ужо найбліжэйшым часам айцец Аляксандар Шэмет зьбіраецца распачаць будаўніцтва храму.

Айцец Аляксандар Шэмет

Нарадзіўся 9 красавіка 1961 у вёсцы Люсіна (Ганцавіцкі раён). Там жа скончыў школу. Пасьля вучыўся на кухара ў Баранавічах. Працаваў у санаторыі «Нарач». У 1982 г. паступае ў Рыскую духоўную сэмінарыю, сканчае яе ў 1987 г.. У гэтым жа годзе працуе вікарыем у Рызе і Даўгапілсе. З 1988 сьвятарствуе ў Беларусі, у вёсках Адамавічы і Сіліванаўцы (Гарадзенскі раён). У 1992-1994 вучыўся ў Папскім унівэрсытэце ў Рыме. З 1994 па 1996 працягвае працу ў Сіліванаўцах. Ад 1998 айцец Шэмет узначаліў парафію Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай – Маці міласэрнасьці, дзе і сьвятарствуе да сёньня.

Глядзі яшчэ:

Галадоўка каталікоў у Горадні. Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?