Надыходзяць 15-я ўгодкі падзеяў Вясны-1996.

Збор дэманстрантаў у запрошаным месцы быў не дазволены, але на праспект выйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Збор дэманстрантаў у запрошаным месцы быў не дазволены, але на праспект выйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Жыве Беларусь!

Жыве Беларусь!

Прарвацца ў тэлецэнтр не ўдалося. Зянон Пазняк заклікае разысціся і працягнуць барацьбу.

Прарвацца ў тэлецэнтр не ўдалося. Зянон Пазняк заклікае разысціся і працягнуць барацьбу.

2 красавіка на вуліцы зноў спантанна выйшлі дзясяткі тысяч людзей.

2 красавіка на вуліцы зноў спантанна выйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Чарнобыльскі шлях. Моладзь ваюе з амонам на Нямізе.

Чарнобыльскі шлях. Моладзь ваюе з амонам на Нямізе.

Чарнобыльскі шлях. Моладзь ваюе з амонам на Нямізе.

Чарнобыльскі шлях. Моладзь ваюе з амонам на Нямізе.

Чарнобыльскі шлях. Моладзь ваюе з амонам на Нямізе.

Чарнобыльскі шлях. Моладзь ваюе з амонам на Нямізе.

Мітынг каля Палаца спорту. Хвіліна маўчання па генералу Дудаеву.

Мітынг каля Палаца спорту. Хвіліна маўчання па генералу Дудаеву.

Дзень незалежнасці 27 ліпеня.

Дзень незалежнасці 27 ліпеня.

Дзень незалежнасці 27 ліпеня.

Дзень незалежнасці 27 ліпеня.

Увесну 1996 года ўпершыню ў незалежнай Беларусі адбыліся такія масавыя вулічныя пратэсты. І ўпершыню адбыліся масавыя рэпрэсіі,
упершыню былі палітвязні й галадоўшчыкі, упершыню з’явіліся палітычныя ўцекачы.

Вясна-1996 была вялікім уздымам нацыянальна-дэмакратычнага руху. Аднак шмат у 1996 годзе было такога, што потым, на 15 гадоў, сталася «нормаю». Калі перад 1996 сутнасць прэзідэнцтва Лукашэнкі палягала ў буйных і шматлікіх злоўжываннях, парушэннях канстытуцыйнай законнасці, папулізме і валюнтарызме, то пасля 1996 ужо быў усталяваны лад аднаасобнай аўтарытарнай улады, што грунтуецца на рэпрэсіях, прыкрываецца сістэматычнымі выбарча-рэфэрэндавымі фальсіфікацыямі ды апраўдваецца бессаромнай хлуснёй манапольнае дзяржаўнае прапаганды. Гэтак у 1996 годзе гадзіннік палітычнай гісторыі ў Беларусі спыніўся ды наступіла свайго роду «бясчассе», што трывае ўжо 15 гадоў. У 1994 Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам са значнымі, аднак абмежаванымі і кантраляванымі паўнамоцтвамі: тым, кім ён ёсць сёння, ён стаў у выніку падзеяў 1996. Нядаўнія падзеі 19 снежня 2010 года можна без празмернага напружання фантазіі ўявіць яшчэ 19 снежня 1996 году. Так, сучасная Беларусь — «родам з 1996 года».

Увесну 1996 існавалі адносна шырокія колы грамадства, якія яшчэ з цікавасцю, з увагаю ставіліся да грамадска-палітычнага жыцця. Усё, што вырабляла прэзідэнцкая ўлада, выглядала яшчэ нязвыклым: выклікала неўразуменне ды абурэнне. Нагадайма, што яшчэ 1 год перад тым Б.-Ч.-Б. сцяг і Пагоня былі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі (яшчэ не ўсе ўстановы тады паспелі змяніць шыльды), а беларуская мова адзінай дзяржаўнай.

Хоць было збольшага бачна, у якім напрамку ідуць справы, аднак не хацелася даваць веры, што спыніць ды павярнуць хаду рэчаў ужо нельга: і напэўна, не зважаючы на брутальнасць хапуноў, незваротным той стан рэчаў увесну 1996 яшчэ сапраўды не быў. У грамадстве Беларусі яшчэ былі досыць шырокія колы, здольныя на абурэнне. Распаўсюджанай запалоханасці не было, бо проста не з’явілася яшчэ для яе падставаў. Быў харызматычны лідар апазіцыі. Апазіцыя тады яшчэ пераважна ўвасаблялася ў адной арганізацыі: БНФ «Адраджэнне». Гэта быў яшчэ «іншы час», хоць хіба што ягоная апошняя гадзіна.

Адлік Вясны-1996 пачынаюць ад Дня Волі.
Аднак фактычна Вясна-1996 мела свайго роду «перадпачатак» у выглядзе мітынгу АГП і БНФ перад будынкам Філармоніі на дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. Менавіта там прагучаў заклік прыйсці на той Дзень Волі, з якога ўсё ўласна пачалося.
Збор на Дзень Волі быў абвешчаны на пл. Незалежнасці, аднак доступ на яе заблакавала міліцыя.
Удзельнікі пачалі збірацца на падыходзе, ля галоўпаштамта ды каля гатэля "Мінск". Калі назбіралася маса, разгарнулі сцягі і рушылі абапал праспекта. Прыпыніліся на пераходзе. Дачакаўшыся зялёнага святла, дэманстранты з абодвух бакоў крочылі насустрач і там больш не разыходзіліся: гэтак рух аказаўся перакрыты, а калона, імкліва прыбываючы, проста рушыла па сярэдзіне праспекта. Пра памер, які яна набыла неўзабаве на падыходзе да Кастрычніцкай, можна меркаваць па здымках.

Гэта быў час, калі БТ распачало практыку нахабнай хлуслівай прапаганды. Пры канцы мітынгу Пазняк заклікаў ісці да будынка БТ непадалёк, каб дамагацца выступу на тэлебачанні. Вялікая частка людзей рушыла да БТ, на падыходзе сустрэлася з даволі кволым шыхтом АМАПа, які пасля кароткай сутычкі быў адкінуты. АМАП адышоў да самага ўваходу ў будынак, але адтуль выбеглі касманаўты з аўтаматамі...

Неўзабаве стала ясна, што эфіру дамагчыся не ўдасца. На заканчэнне да прысутных звярнуўся Пазняк. Як згадваў пасля Сяргей Навумчык, кіраўніцтву акцыі было не зусім ясна, чым бы ў такі момант можна было належна яе завяршыць. І тут, паводле яго аповеду, нарадзілася наступная выдатная ідэя. Бо, як было вядома, на 2 красавіка было прызначанае падпісанне ў Маскве «саюзнае дамовы» з РФ, то й заканчэннем стаўся заклік прыйсці 2 красавіка на дэманстрацыю пратэсту супраць «інтэграцыі» Лукашэнкі з Расіяй, у абарону незалежнасці. Так, у выніку ўдалае імправізацыі, стаўся раптам навязаны ланцуг ад папярэдняе акцыі — да наступнай: і асобныя акцыі ператварыліся ў цэлую кампанію палітычнага наступу «Вясны-1996».

Па сканчэнні ўдзельнікі разыходзіліся групамі ў розныя бакі. Потым стала вядома, што адна такая група з 30 асобаў, што адышла ад месца падзеяў метраў на 300, трапіла ў аблогу: была нечакана атакаваная і жорстка збітая аддзелам АМАПа, збітых проста пакінулі ляжаць на акрываўленым снезе.

2 красавіка было нязручным днём — аўторкам. З увагі на гэтую акалічнасць, колькасць удзельнікаў уражвала.
Трэба прыгадаць, што небяспека інкарпарацыі Лукашэнкам Беларусі ў Расію адчувалася тады вельмі рэальна. Нядаўна перад тым Лукашэнка заявіў, што «Белоруссия для меня — пройденный этап». Дастаткова вялікая частка палітычна неабыякавага грамадства была гэткай перспектываю занепакоеная. Спачатку здолелі паўтарыць перакрыццё праспекта, цяпер выходзячы пакрысе з ходнікаў на праезную частку. Аднак недзе ля Кастрычніцкай у тыл калоны ўрэзаліся некалі АМАПаўскіх аўтобусаў, адкуль павыскоквалі АМАПаўцы і дубінкамі разагналі дэманстрантаў прэч на ходнікі. Ізноў завалодаць вуліцай удалося толькі з паваротам на вузейшую Янкі Купалы на шляху да Опернага. Гэтая акцыя запомнілася доўгім хаджэннем на холадзе і ў надыходзячым змроку, па Я. Купалы на Багдановіча, на Варвашэні, дзе было мала месца, адтуль было вырашана ісці праз Старажоўку да Палаца спорту, дзе кароткі мітынг на тэму дня адбываўся ўжо амаль у цемры.
Наступнай акцыяй быў Чарнобыльскі шлях.
Пачатак, з параю перакуленых міліцэйскіх аўто, на здымкі не трапіў з прычыны занятасці на іншых дружынных абавязках; здымкі пачаліся толькі калі справы (здавалася) супакоіліся на Багдановіча.

Гэты эпізод Чарнобыльскага шляху ўмоўна вядомы як «бітва на гары». Паварот калоны да Палацу спорту быў фактычна змушаны. Каб не паварочваць на Палац спорту, трэба было прайсці пад мостам: справа і злева высокі адхон (былога) пр. Машэрава. Здымак зафіксаваў гэты момант. Пад мостам сканцэнтраваліся шчыльныя сілы загараджэння з унутраных войскаў з рэзервамі, забарыкадаваўшы транспартнымі сродкамі, падрыхтаваныя ўжываць усе спецсродкі, каб праходу пад мостам не дапусціць, сілавы прарыў «у лоб» быў немагчымы.

Тады група дэманстрантаў, разам з УНСОўцамі (чый сцяг бачны), паспрабавала абысці і дэзарганізаваць гэты «затор» з левага флангу.

Кантынгент удзельнікаў, магчыма гатовы да «наступальных» сутычак, быў невялікі (той, што бачна з УНСО на гары) — прарвацца пад мостам відавочна не мог. Таму ніякага іншага тактычнага варыянту, акрамя як павярнуць направа да ПС (што было, натуральна, тупіковым сцэнаром), у арганізатараў рэальна не заставалася.

На здымку паказанае заканчэнне мітынгу Чарнобыльскага шляху, дзе Пазняк заклікае хвілінай маўчання ўшанаваць памяць нядаўна загінулага Джахара Дудаева.

Мітынг скончыўся — аднак паляванне на яго ўдзельнікаў тут жа пачалося. Гэта быў першы буйнамаштабны хапун, каля 200 затрыманых, першы выпадак адлову выпадковых мінакоў на вуліцах відавочна ў выкананне «планавых паказчыкаў» па колькасці затрыманых. Адбыўся першы штурм сядзібы БНФ АМАПам. Пазняк і Навумчык хаваліся і ўрэшце трапілі на эміграцыю. Хадыка і Сіўчык апынуліся пад пагрозаю крымінальнага артыкула, распачалі галадоўку. УНСОўцам Моладзевая фракцыя БНФ яшчэ доўга насіла перадачы ў ізалятар.

Наступную акцыю на 1 траўня праводзілі сацыял-дэмакраты Статкевіча. Бо кіраўніцтва БНФ было пераважна ўжо альбо на эміграцыі, альбо (як Хадыка і Сіўчык) арыштаванае, альбо хавалася. Ішлі па праспекце пад дажджом. Спыніліся перад будынкам КДБ, скандуючы лозунгі вызвалення палітычных вязняў…

Заключным «акордам» — або ўжо «рэхам» — Вясны-1996 можна назваць Дзень дэкларацыі (аднаўлення) незалежнасці 27 ліпеня,
з шэсцем ад сквера Янкі Купалы ды мітынгам ля Палаца спорту. Лявон Баршчэўскі ўжо прамаўляў у якасці в.а. старшыні БНФ.

Своеасаблівым пасляслоўем Вясны-96 можна назваць яшчэ адзначэнне бітвы пад Оршай у верасні 1996, што сапраўды закрыла палітычны сезон, распачаты Вясною-1996.

Адсутнасць Пазняка істотна змяніла палітычны краявід.
Прамоўцы ля Опернага прыгадвалі нядаўнія падзеі Вясны, падводзілі вынікі. Вынікі: упершыню з’явіліся палітычныя эмігранты, палітычныя вязні і галадоўшчыкі пад крымінальнымі артыкуламі, маштабныя хапуны на вуліцах. Прэзідэнцкая ўлада ўзяла сабе гэта за ўзор адносінаў з тымі, хто наважваецца на публічны пратэст, ад якога пасля ўжо не адступалася. Аднак
маштаб і працягласць вулічных пратэстаў вясны-1996 фактычна ўпершыню прыцягнулі ўвагу Еўропы і ЗША да таго, што ў Беларусі насамрэч адбываецца штосьці неадпаведнае, а таксама, мабыць, прымусіла кагосьці ў Маскве глыбей задумацца над праблемнасцю Лукашэнкі.

Пэўна, што ў грамадстве заставаўся істотны пратэстны імпэт: і калі ён не рэалізаваўся ў лістападзе 1996, то зусім не таму, што нібыта быў вычарпаны або была стома ад падзеяў вясны. Не наступіла яшчэ й дэмаралізацыі: нягледзячы на адсутнасць канкрэтнага плёну, зусім не было пашыранага адчування, што арганізацыя буйных вулічных акцыяў, санкцыянаваных ці не, як метад ціску на ўлады сябе вычарпала. Увосень 1996, аднак, адчувалася, што, хоць патэнцыял Вясны-1996 не быў цалкам вычарпаны ды максімальна рэалізаваны, аднак у кожным разе тая старонка ўжо перагорнутая, і падзеі ўжо ішлі далей да чагосьці зусім іншага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?