17.03.2011 / 15:02

У Баранавічах будуць святкаваць Дзень вераб'я 3

20 сакавіка ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) упершыню пройдзе святкаванне Дня вераб’я. Арганізатарам свята выступае грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) пры падтрымцы баранавіцкіх уладаў.

Як паведаміў БелаПАН дырэктар АПБ Віктар Фянчук, Дзень вераб’я адзначаецца ў многіх краінах Еўропы і Азіі. Змяненне стылю жыцця людзей вядзе да таго, што традыцыйныя месцы гнездавання віду знікаюць і яго колькасць памяншаецца. Гэтая тэндэнцыя адзначаецца па ўсёй Еўропе, прычым у асобных краінах, напрыклад у Вялікабрытаніі, верабей уключаны ў спіс відаў, якія падлягаюць ахове.

Паводле слоў Фенчука, у Беларусі святкаванне Дня вераб’я заклікана прыцягнуць увагу да захавання відаў птушак, якія пакуль яшчэ не з’яўляюцца рэдкімі. «Многія жыхары гарадоў звяртаюць увагу на праблемы экалогіі ў сувязі са знікненнем з вуліц гэтай прывычнай птушкі», — сказаў ён.

Дзень вераб’я вырашана правесці ў Баранавічах: у цэнтры горада ўжо ёсць помнік дамавому вераб’ю, які быў выбраны птушкай года ў Беларусі ў 2003 годзе.
Акрамя таго, птушкі гэтага віду значна лепш сябе адчуваюць у адносна невялікіх гарадах, чым у мільённых мегаполісах.

Паводле слоў спецыяліста, да Дня вераб’я прымеркавана адкрыццё фотавыставы ў Цэнтральнай бібліятэцы Баранавічаў. Каля помніка вераб’ю будуць размешчаны папяровыя фігуркі птушак, спецыяльна зробленыя да свята.

Дырэктар АПБ спадзяецца, што з кожным годам святкаванне Дня вераб’я будзе станавіцца ўсё больш маляўнічым і верабей стане сімвалам Баранавічаў. Сёння сваіх сімвалаў-птушак ужо маюць некалькі беларускіх гарадоў: для Віцебска — гэта кольчатая туркаўка, для Турава — марадунка. Захаванню гэтых відаў надаецца вялікая ўвага.

Усяго ў Беларусі налічваецца каля 2 млн. дамавых і прыкладна 1 млн. палявых вераб’ёў, колькасць віду скарачаецца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Дарэчы / Адказаць
17.03.2011 / 15:08
Запрасiце на свята Ленку Верабей , сваю зямлячку.
0
вечны студэнт / Адказаць
17.03.2011 / 15:44
мая знаёмая называе вераб’ёў так, як называлі ў яе вёсцы ў часы дзяцінства, — «жыдкі»
0
Родзька / Адказаць
17.03.2011 / 16:49
Праграма сьвята: http://intex-press.by/ru/846/news/6431/%D0%A3-%D0%91%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87%D0%B0%D1%85-%D0%B0%D0%B4%D1%81%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%BA%D1%83%D1%8E%D1%86%D1%8C-%D0%9C%D1%96%D0%B6%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D1%8B-%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BD%D1%8C-%D0%B2%D0%B5%D1%80%D0%B0%D0%B1%E2%80%99%D1%8F.htm
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру