На месяц вымерла валютная біржа, а еўра працягвае павольны рост.

У апошнія дні колькасць валюты, якая завозілася ў абменнікі, складала $3-5 тысяч, што недастаткова пры шалёным попыце. Пры адсутнасці даляраў і еўра насельніцтва скупляла нават расійскія рублі.

Еўра ў кроку ад рэкордаў

Афіцыйны курс еўра дабраўся да рэкорду. У абменніках курс продажу сягае аж 4400 рублёў. Паколькі патроху расце і курс расійскага рубля, валютны кошык ужо дайшоў да свайго гістарычнага максімуму. З пачатку года дэвальвацыя ўжо складае 5,5%.

Няўмольны даляр

Эканаміст Сяргей Жбанаў прыводзіць свае падлікі: “Паколькі беларускі рубель з’яўляецца слаба канвертаванай валютай і яго абарот ажыццяўляецца ў межах рэспублікі, аб’ектыўны абменны курс нацыянальнай валюты можна лёгка вылічыць. Для гэтага аб’ём актыўнай грашовай масы (13,165 трыльёнаў рублёў) варта падзяліць на памер золатавалютных рэзерваў ($4,023 мільярда).Атрымліваецца, што 1 даляр рэальна каштуе 3272 рублі. І нават калі Нацбанк будзе адмаўляцца ад дэвальвацыі і ўтрымліваць курс на цяперашнім узроўні коштам рэзерваў, то рэальны курс даляра будзе няўхільна павялічвацца.

Пастаўшчыкі страхуюць рызыкі

Тым часам у краіне сфармаваўся «шэры» курс беларускага рубля, які на 19% вышэйшы за банкаўскі і складае 3600 рублёў за адзін даляр. Гэта інфармацыя распаўсюджваецца са спасылкай на кампаній-пастаўшчыкоў аргтэхнікі. Менавіта такі курс выкарыстоўваецца большасцю ўдзельнікаў рынку для пераафармлення дакументаў на павышэнне цэнаў. Аптовыя пастаўкі IT-тавараў (маніторы, ноўтбукі, друкаркі) падаражалі на 15–17%, тэлекамунікацыйныя тавары (у прыватнасці, мабільныя тэлефоны) — на 25–30%. Пры гэтым пастаўкі ажыццяўляюцца толькі пры 100%-й перадаплаце.

Патраенне курсаў

Гэтая сітуацыя вяртае Беларусь у пачатак 2000-х гадоў у краіне існавалі тры курсы валюты. Адзін быў афіцыйны, другі — на чорным рынку наяўнай валюты, трэці — для безнаяўных разлікаў. Цяперашняя сітуацыя абумоўленая недахопам валюты і дэвальвацыйнымі чаканнямі грамадства. Усё гэта вымагае ўжыцця надзвычайных мераў для ўратавання фінансавай стабільнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?