Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда 17 сакавіка адмяніла рашэнне ВГС па ісках «Аўтарадыё» да Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі і накіравала яго на паўторны разгляд.

Алег Праляскоўскі, міністр інфармацыі.

Алег Праляскоўскі, міністр інфармацыі.

Перагляд іскаў «Аўтарадыё» будзе праведзены новым складам ВГС. Дата паўторнага судовага пасяджэння пакуль не вызначана.

Галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан заявіў БелаПАН, што радыёстанцыя мае намер «змагацца да канца». Разам з тым ён выказаў асцярогу, што працэс можа расцягнуцца на няпэўны час. Першы працэс, нагадаем, доўжыўся два месяцы, і ўвесь гэты час супрацоўнікі радыёстанцыі заставаліся без працы.

Як заўважыў Базан, працэс над «Аўтарадыё» паказаў, што ў беларускім заканадаўстве існуюць розначытанні ў разуменні тэрмінаў «інфармацыя», «масавая інфармацыя», «інфармацыйная прадукцыя» і г.д. На яго думку, на новым разглядзе па гэтай справе гэтыя пытанні будуць вывучацца больш глыбока. У цэлым жа, мяркуе ён, любы разважны чалавек разумее, што ў фразе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава пра тое, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы», няма нічога экстрэмісцкага.

Нагадаем, 9 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўднымі папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае ЗАТ «Аўтарадыё», а таксама рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі.

Папярэджанне было вынесена Мінінфармам 10 студзеня і стала адной з падстаў для спынення вяшчання радыёстанцыі 12 студзеня паводле рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, прычынай папярэджання і спынення вяшчання «Аўтарадыё» стала распаўсюджванне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, якая «ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Менавіта так чыноўнікі расцанілі фразу кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава аб тым, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

Падчас суда прадстаўнікі «Аўтарадыё» заявілі, што інфармацыя можа быць прызнаная экстрэмісцкай толькі на падставе рашэння суда паводле заявы дзяржоргана, які ажыццяўляе супрацьдзеянне экстрэмізму, — органаў дзяржбяспекі, МУС і пракуратуры. Апрача таго, зазначалі прадстаўнікі радыёстанцыі, гэта фраза Саннікава была апублікаваная ва ўсіх дзяржаўных выданнях, таму што ўтрымлівалася ў перадвыбарнай праграме палітыка.

У каментарыі БелаПАН міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі назваў рашэнне суддзі ВГС Валерыя Шобіка неабгрунтаваным і несправядлівым і заявіў пра намер абскардзіць вердыкт. «Я вельмі здзіўлены вынікам гэтага разбору», — падкрэсліў кіраўнік Мінінфарма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?