Сёння адбылося кароткачасовае спатканне адвакаткі Таццяны Станкевіч з яе падабаронным Міколам Статкевічам.
Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла грамадзянская жонка Статкевіча Марына Адамовіч.
«Кажа, што Мікола схуднеў, але выглядае бадзёрым і вясёлым», — расказвае Марына Адамовіч.

Кандыдата ў прэзідэнты Міколу Статкевіча ўжо пачалі знаёміць з матэрыяламі справы. Нагадаем, што даваць паказанні Статкевіч адмовіўся.

Адвакаты не бачылі Статкевіча ад 29 снежня, калі палітыку было прад’яўлена абвінавачванне. Столькі ж адвакаты не бачылі Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзьку, Сяргея Марцалева, Змітра Бандарэнку.

Таксама сёння афіцыйныя міліцэйскія крыніцы паведамілі, што абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў было прад’яўлена яшчэ аднаму кандыдату ў прэзідэнты Дзмітрыю Усу.

Ус быў затрыманы вечарам 19 снежня, але адпушчаны пасля заявы з асуджэннем правакацый. Нікога з іншых кандыдатаў Ус не абгаварыў. Увесь гэты час Дзмітрый праходзіў як падазраваны па крымінальнай справе. Ён паведамляў у СМІ, што следства хацела пачуць ад яго паказанні супраць Міколы Статкевіча. Але Ус адмовіўся.

На дадзены момант звязацца з Дзмітрыем Усам не атрымліваецца. У яго адключаны мабільнік, а працоўны нумар ніхто не здымае. Вядома толькі, што на чацвер яго выклікалі ў КДБ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?