Ініцыятыўная група жыхароў Магілёва звярнулася да старшыні выканкаму Пятра Рудніка з прапановай перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Лукашэнкі, а помнік правадыра сусветнага пралетарыяту змяніць на помнік першаму прэзідэнту.
«НН» звязалася з ініцыятарам звароту, грамадскім актывістам Аляксеем Паўлоўскім.
— Спадар Аляксей, як з’явілася ідэя ўстаноўкі помніка?
— Наш старшыня выканкаму Пётр Руднік быў даверанай асобай Аляксандра Рыгоравіча, мы наслухаліся ягоных прамоваў, і вырашылі сабраць подпісы і сродкі на помнік першаму прэзідэнту. Паставіць яго на замест Леніна — Ленін, ён жа нічога не зрабіў для Беларусі.
— Шмат хто падпісаўся?
— Чалавек дваццаць, нават апазіцыя мясцовая. Мы накіравалі ліст у выканкам, але ніякага адказу не было. Можа таму, што ліст мы адпраўлялі не заказны, а просты. Мы прасілі не толькі помнік, але хочам сродкаў, каб пабудаваць яму катэдж. А тое сыдзе ён з пасады, а жыць няма дзе, а тут будзе домік. Магчыма, тады яму сыходзіць спакайней будзе.
— А які помнік вы прапануеце, у поўны рост, ці бюст?
— Мы думаем так: можна з улікам дырэктывы аб эканоміі, проста замяніць галаву на помніку Леніна. Ды і час зараз неспакойны — самі ведаеце, тэрарысты навокал. А так будзе больш спакойна.
— А як стаўленне людзей да праекту?
— Ну, у нас тут яго не вельмі любяць — я вось працаваў назіральнікам на выбарах, дык бачыў усё. Фальсіфікацыя суцэльная. Датэрміновае галасаванне гэтае. Ён рэальна працэнтаў 30 набраў, а нашы чыноўнікі ізноў усё сапсавалі — сфальсіфікавалі выбары, і нашага прэзідэнта не прызналі. Я так думаю, хай можа ён ужо сыходзіць, бо столькі гадоў працуе, а мы ў яго гонар плошчу назавем — усё ж такі гістарычная асоба.