Ліквідатары згаджаюцца, што іх лёс раўнасільны «смяротнаму прысуду»,
піша The Daily Mail. Паводле інфармацыі брытанскай газеты, японцы праяўляюць у такой складанай сітуацыі рэдкую разважлівасць і мужнасць — добраахвотнікамі на смяротна небяспечную працу запісваюцца супрацоўнікі старэйшага ўзросту, у якіх ужо дарослыя дзеці. Яны кажуць, што ім ужо няма чаго страчваць, у адрозненне ад маладых рабочых, якім яшчэ трэба клапаціцца пра сем’і ці яшчэ толькі трэба завесці дзяцей.

Адважную брыгаду ліквідатараў пачціва называюць «пяцьдзясят фукусімцаў», хоць, як адзначае выданне, насамрэч іх, відавочна, каля 200. Напярэдадні японскае тэлебачанне паказала інтэрв’ю з іх сваякамі, якія нецярпліва чакаюць іх дома, разумеючы ў той жа час, што могуць ужо больш не ўбачыцца. Яны расказалі, што атрымліваюць ад сваіх бацькоў і мужоў кранальныя пасланні. Пры гэтым, нягледзячы на ўвесь цяжар сітуацыі, родныя «смяротнікаў» кажуць, што бясконца ганарацца імі.

Да цяперашняга моманту ёсць неафіцыйная інфармацыя пра 5 загінулых ліквідатараў, яшчэ больш за 20 былі параненыя. Як паведамляе прэса, камбінезоны з рэспіратарамі, у якіх працуюць гэтыя людзі, з’яўляюцца чыста сімвалічнай абаронай. Так што пры значным падвышэнні ўзроўню радыяцыі шанцаў няма.

Заходняя прэса разважае пра «прымус да гераізму»

На фоне гэтых паведамленняў заходняя прэса разважае, ці можа ліберальна-дэмакратычнае грамадства прымусіць сваіх грамадзян да гераізму. «Японія — не аўтарытарная дзяржава, — піша ў пятніцу Süddeutsche Zeitung. — Неўзабаве пасля таго як у 1986 годзе здарылася катастрофа ў Чарнобылі, савецкае кіраўніцтва накіравала туды тысячы маладых салдат, так званых ліквідатараў… Японскі ўрад такой магчымасці не мае».

Як адзначае аўтар артыкула, на якую спасылаецца InoPressa, такога кшталту маральна-этычныя праблемы ў той ці іншай ступені закранаюцца з рознай ступенню пераканаўчасці і вырашаюцца ў знакамітых галівудскіх фільмах «Дзень незалежнасці», «Армагедон» і «Gran Torino».

У грамадска-палітычнай сістэме, «у якой індывіду даводзіцца адстойваць свае інтарэсы ў сутыкненні з грамадствам, як гэта адбываецца ў сучасным грамадстве інфармацыйнага капіталізму, салідарнасць робіцца вельмі сумнеўнай вартасцю»,

канстатуе нямецкі журналіст.

У Японіі даводзіцца ахвяраваць жыццямі адных людзей дзеля захавання жыцця іншых, гаворыцца ў матэрыяле. Іншымі словамі, для таго, каб працягнуць астуджэнне пашкоджанага рэактара, наколькі гэта магчыма, патрабуюцца памочнікі, якім давядзецца падвергнуцца апрамяненню, якое наносіць цяжкую шкоду чалавечаму арганізму.

Кожны ведае, што войнаў без загінулых не бывае, піша ў заключэнне аўтар. Але ў выпадку выкарыстання людзей пры астуджэнні рэактара на АЭС «Фукусіма-1», пры якім верагоднасць іх смерці такая вялікая, гэтая праблема набывае яшчэ большую вастрыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?