Больш, чым Казулін, у сучаснай Беларусі прагаладаў толькі Аўтуховіч.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты 48-я суткі трымае галадоўку ў калёніі «Віцьба». Такім чынам ён дамагаецца разгляду пытаньня пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе Бясьпекі ААН. Патрабаваньне амаль немагчымае, улічваючы практыку дыпляматычных працэдураў у гэтай міжнароднай арганізацыі. Іншым пунктам патрабаваньняў былога кандыдата зьяўляецца, тое, каб палітычная рада дэмакратычных сілаў зьвярнулася да прэм’ера Сідорскага з прапановай узяць у свае рукі ўладу, бо Лукашэнка, на думку Казуліна, нелегітымны.

У аўторак 5 сьнежня з дазволу дэпартамэнта па выкананьні пакараньняў пазачарговую 30-хвілінную сустэчу з мужам у калёніі мела Ірына Казуліна. Яна пераконвала мужа спыніць галадоўку, але пакуль Казулін не паддаўся на ўгаворы.

Цяпер вага Казуліна складае 65 кіляграмаў, за час знаходжаньня за кратамі ён страціў больш за 40 кг. І.Казуліна кажа, што яе муж пакуль трымаецца бадзёра, захаваў той жа погляд і гаворку, што і раней.

Казулін ня выключыў свайго выхаду з галадоўкі, але ў тым выпадку, калі ягоныя патрабаваньні падтрымае палітычная рада Аб’яднаных дэмакратаў і хоць адна эўрапейская краіна выступіць з прапановай унясеньня ў Раду Бясьпекі ААН пытаньня аб правах чалавека ў Беларусі. Пакуль гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, Казулін зьбіраецца працягваць галадоўку.

Казуліну была зробленая прапанова аб пераводзе ў Менск, у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, але ён адмовіўся.

Разам зь Ірынай Казулінай у «Віцьбу» езьдзіў былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец. Летась Скрабец 43 дні прагаладаў у Берасьцейскім ізалятары, таму ведае, што адчувае чалавек пасьля сарака дзён галадоўкі. «Нягледзячы на тое, што Казулін цяпер бадзёры, усё можа зьмяніцца ў кожную хвіліну», -- кажа ён.

У Казуліна панізіліся ціск і тэмпэратура. Скрабец кажа, што такая працяглая галадоўка ў любым выпадку адаб’ецца на здароўі лідэра сацыял-дэмакратаў. Тым часам Аляксей Кароль заявіў, што Казулін у любым выпадку застанецца лідэрам партыі, незалежна ад таго, колькі часу ён правядзе за кратамі.

У сераду Аляксандр Мілінкевіч зьвярнуўся з адкрытымі лістамі да Ўладзіміра Пуціна, Джорджа Буша, Ангелы Мэркель і Жака Шырака. «Заклікаю вас зрабіць ўсё магчымае, каб выратаваць жыцьцё Казуліна і вызваліць палітзьняволеных у Беларусі», -- піша ён у звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?