Люцына Бяльзацкая, маці журналісткі Ірыны Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам як абвінавачаную ва ўдзеле ў масавых беспарадках, абвяргае словы Аляксандра Лукашэнкі. 18 сакавіка, выступаючы перад прывезенымі ў Мінск рэдактарамі спрыяльных яму расейскіх выданняў, Аляксандр Лукашэнка распавёў пра званок, нібыта зроблены Ірынай Халіп сваёй маці 19 снежня.

Паводле Лукашэнкі, журналістка размаўляла двойчы. Спачатку з радыё «Эхо Москвы», калі ў жывым эфіры распавядала, як яе затрымліваюць міліцыянты. Лукашэнка палічыў гэты званок інсцэніроўкай, паколькі нібыта далей быў званок да маці, якому ніхто не перашкаджаў. «Праз некалькі секундаў па тым жа тэлефоне: мама, ты паглядзі, там вось дзіця, каб было чым накарміць ды іншае. Літаральна праз секунду. Ну, трэба сказаць, прыгожа зрабілі», — казаў Аляксандр Лукашэнка пра званкі Ірыны Халіп.

Вось што на гэта сказала Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп.

«Адкуль у яе быў другі тэлефон і як яна магла пазваніць? І яшчэ: «Пакарміць дзіця, а палове на 12-ую» — гэта смешна.

Хіба ён не ведае, што ў такі час дзеці спяць? Не было такога званка. Быў званок ужо праз некалькі гадзінаў, з турмы на Акрэсціна.

У яе тэлефон адабралі і ёй там нехта даў тэлефон. Коратка пазваніла, што ўжо ўсё… Гэта было праз некалькі гадзінаў. І яшчэ эсэмэска была «Не вадзі Даню заўтра ў сад». Гэта ўсё».

Люцына Юр’еўна Бяльзацкая нагадала, што сёньня дакладна тры месяцы тых падзей. «Мы ўсе пад сапраўдным арыштам. Я таксама адчуваю сябе як ў турме», — сказала маці Ірыны Халіп, жонкі экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саньнікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?