У сваім чарговым тэлевыступе ў нядзелю Муамар Кадафі заклікаў лівійцаў супраціўляцца «агрэсіі». Ён паабяцаў «бясконцую вайну супраць хрысціянскага ворага».

Ягоны выступ доўжыўся каля 15 хвілін -- нязвыкла мала. Самога Кадафі не паказвалі. Відаць, ён хаваецца і не хоча, каб вызначылі месца яго знаходжання.

Перад абліччам міжнароднага ўмяшальніцтва дыктатар спрабуе згуляць на рэлігійных пачуццях лівійцаў.

Раней, спрабуючы сарваць прыняцце рэзалюцыі ААН, Кадафі і лівійскія дзяржаўныя СМІ называлі паўстанцаў «баевікамі Аль-Каіды».

Супраць Кадафі ўзняліся шырокія слаі насельніцтва, у тым ліку ісламскія актывісты і свецкая інтэлігенцыя. Пад уплывам падзей у Егіпце і Тунісе яны натхніліся на скіданне прыдуркаватага дыктатара. Усё пачалося з невялікай маніфестацыі сваякоў палітвязняў і блізкіх ахвяраў рэпрэсій у Бенгазі. На працягу тыдня дэманстрацыі перараслі ў сапраўднае паўстанне.

Пасля кароткага замяшальніцтва Кадафі абрынуў на пратэстоўцаў усю сілу свайго рэпрэсіўнага апарата. Было забіта некалькі соцень, а можа быць і тысяч чалавек.

«Мы не пакінем нашу зямлю. Мы яе вызвалім», — цытуе яго Reuters.

Кадафі падкрэсліў, што на дадзены момант усім жыхарам Лівіі раздаюць зброю, каб яны маглі абараняць радзіму. «Параза акупантаў непазбежная», — паабяцаў ён, а таксама паабяцаў расправу тым, хто будзе супрацоўнічаць з сіламі кааліцыі.

«Захад падзе, як палі Гітлер і Мусаліні», — заявіў Кадафі.

Лівійскі лідэр Муамар Кадафі выступіў па тэлебачанні і заклікаў суграмадзян ўзбройвацца для абароны заваёў рэвалюцыі, паведамляе Reuters.

Кадафі заявіў аб намеры адкрыць склады са зброяй ўсіх тыпаў, каб насельніцтва краіны змагло абараняць краіну.

Ён таксама заклікаў афрыканцаў, арабаў, лацінаамэрыканцаў і азіятаў ўстаць плячом да пляча з народам Лівіі, цытуе яго выступ агенцтва.

Па словах Кадафі, краіны Міжземнамор’я сталі «палігонам вайны». Лівійскі лідар таксама сказаў, што грамадзяне Лівіі паўстануць супраць «каланіяльнай агрэсіі крыжакоў».

Кааліцыя ў суботу ўвечары нанесла 112 удараў ракетамі Tomohawk.

Лівійскае тэлебачанне паведаміла аб адным збітым французскім знішчальніку. Мінабароны Францыі гэта катэгарычна абвергла, паведаміўшы, што ні з адным з дваццаці французскіх баявых самалётаў, якія ўдзельнічаюць у сумесных дзеяннях, нічога не здарылася.

Лівійскае ТВ — не свабодны СМІ, а інструмент прапаганды рэжыму Кадафі.

Учора каля рэзідэнцыі Кадафі сабраліся тысячы лівійцаў, якія скандавалі лозунгі ў яго падтрымку і гатовыя былі выконваць ролю жывога шчыта ў тым выпадку, калі кааліцыя вырашыць нанесці ўдары па рэзідэнцыі.

Рэзідэнцыя аточаная трыма бетоннымі мурамі. У ёй стаяць сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны.
Спікер лівійскай «палаткі» Мухамед Абдэль Касем аз-Заўі таксама выступіў з зваротам: «ААН развязала агрэсію супраць Лівіі, — сказаў ён на экстранай прэс-канферэнцыі. — Мы прасілі Аб’яднаныя Нацыі паслаць міжнародную місію для ўстанаўлення ісціны, аднак яны даслалі ракеты».

Аперацыю супраць лівійскага эксцэнтрыка ініцыявалі Францыя, Брытанія і Ліга арабскіх дзяржаў. Да яе далучыліся ЗША, Канада, Італія, Іспанія, Данія, Бельгія, Нарвегія, Нідэрланды, Катар, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Турцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?