Кіраўнік аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША адмірал Майк Мален заявіў у нядзелю, што кааліцыі ўдалося ўсталяваць над паветранай прасторай Лівіі рэжым забароны на палёты для ВПС гэтай краіны.

«Мы ўжо не фіксуем палётаў лівійскай авіяцыі», — сказаў ён у інтэрв’ю тэлекампаніі NBC.

Па словах Малена,

большасць аб’ектаў супрацьпаветранай абароны (СПА) Лівіі ўжо не функцыянуюць.
Кіраўнік аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША таксама адзначыў, што ён не бачыў паведамленняў аб гібелі цывільнага насельніцтва ў выніку дзеянняў кааліцыі.

«Кадафі трэба прыняць рашэнне адносна сваёй будучыні», — сказаў адмірал. Мален настойвае, што мэты ваеннай аперацыі досыць абмежаваныя.

«Гаворка не ідзе пра тое, каб зрынуць Кадафі», — падкрэсліў ён.

Мален заявіў, што не бачыць ніякіх прыкметаў таго, што Кадафі мае намер выкарыстоўваць хімічную зброю.

Паводле яго ацэнкі, ваенная аперацыя кааліцыі дасягнула значнага прагрэсу ў працягу апошніх 24 гадзін і прыпыніла падзенне бастыёна паўстанцаў горада Бенгазі.

Кіраўнік аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў адзначыў, што ЗША сочаць за развіццём падзей у Бахрэйне і іншых краінах рэгіёну, аднак «у кожнай краіны свае асаблівасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?