Сёння на пасяджэнні ў Бруселі Рада міністраў ЕС разгледзіць пытанне аб пашырэнні спіса беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Спіс са 157 беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі, быў зацверджаны 31 студзеня. Раней паведамлялася, што яго могуць папоўніць яшчэ 19 прозвішчаў.

Як заявіла 18 сакавіка вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, «у адпаведнасці з заключэннямі Савета па замежных справах 31 студзеня, спіс асоб,

на якіх накладзеныя абмежавальныя меры, застаецца адкрытым і ўвесь час пераглядаецца з улікам далейшага развіцця сітуацыі».

У прыватнасці, паводле слоў Эштан, ЕС мае намер працягваць уключаць у спіс суддзяў і пракурораў, якія маюць непасрэднае дачыненне да вынясення прыгавораў па палітычных матывах і рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. «У залежнасці ад развіцця сітуацыі ў Беларусі ЕС гатовы разгледзець новыя адрасныя меры ва ўсіх абласцях супрацоўніцтва», — падкрэсліла яна.

Вярхоўны прадстаўнік асудзіла «працяглае затрыманне, суды і вынясенне судовых прыгавораў па палітычных матывах прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці і лідарам апазіцыі», і выказала глыбокую занепакоенасць «заявамі аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання, запалохвання і парушэннямі падчас судовых працэсаў» у Беларусі.

Эштан заклікала беларускія ўлады паўнацэнна супрацоўнічаць з Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Саветам ААН па правах чалавека, а таксама «адмяніць сваё рашэнне аб непрацягу мандата офіса АБСЕ ў Мінску».

Вярхоўны прадстаўнік нагадала пра патрабаванне ЕС да беларускіх уладаў «аб неадкладным і безумоўным вызваленні і рэабілітацыі ўсіх, хто быў затрыманы па палітычных матывах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?