Сёння ноччу ў бальніцы памёр філосаф Аляксандр Грыцанаў. Падрабязнасці смерці пакуль невядомыя.

Аляксандру Грыцанаву было 52 гады. Ён нарадзіўся ў Мінску. Скончыў БДУ. У 24 гады абараніў кандыдацкую дысертацыю. Тым самым, стаў самым маладым у СССР кандыдатам філасофскіх навук.

Выкладаў у многіх мінскіх універсітэтах (БДУ, экалагічным імя Сахарава, інстытуце бізнеса і права). Кіраваў адной з найбуйнейшых у СНД энцыклапедычных кніжных серый. Быў калумністам «Белгазеты», а таксама аўтарам сайта «Наша думка».

У свой час Грыцанаў правёў за кратамі чатыры месяцы. Яго абвінавачвалі ў махлярстве.

«Упершыню я адчуў сябе беларусам — дакладней, жыхаром i грамадзянiнам нашай Айчыны — у 1964 годзе. Мой бацька, якi нарадзiўся пад Магiлёвам, але ўсё сваё жыццё адслужыў у расійскім войску, прапанаваў мне прачытаць даўно чаканую мной кнiжку «Падарожжа на Кон-Цiкi» ў перакладзе на матчыну мову. Гэта было першае знаёмства з беларускiмi словамi i нават лiтарамi. Кнiга мне вельмi спадабалася, я чытаў яе за два цi тры тыднi разоў дзесяць. Калi я запытаў бацьку, навошта гэта рабiць, ён адзначыў: «Мы тут нарадзiлiся, мы тутэйшыя; наша жыццё — гэта мова». Але я ўпэўнены: быць беларусам — гэта не толькi дрэнна разумець тых, хто размаўляе па-расейску, але яшчэ i змагацца за гонар нашае зямлi», — адзначаў Грыцанаў у адным з інтэрв’ю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?