Астранамічная вясна наступіла ў Беларусі сёння ў 1.20 па беларускім часе, паведамілі ў абсерваторыі БДУ.

Сонца перайшло з Паўднёвага паўшар’я ў Паўночнае, і Зямля заняла такое становішча адносна нябеснага свяціла, калі яго промні будуць падаць на экватар вертыкальна. 21 сакавіка называецца днём веснавога раўнадзенства.

«Сонца ўзышло ў 6.11, зойдзе ў 18.24, дзень будзе доўжыцца 12 гадзін 13 хвілін. Некалькі лішніх хвілін набягаюць з-за рэфракцыі, таго факту, што Сонца не кропкавая крыніца святла, а дыск, і з-за таго, што сам момант раўнадзенства змешчаны. Дзень зраўнаваўся з ноччу 18 сакавіка, з гэтага часу аж да дваццатых чысел верасня светлы час сутак будзе даўжэйшы за цёмны», — расказалі ў абсерваторыі БДУ.

Як адзначылі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, атмасферны ціск у пачатку гэтага тыдня пачне расці. Чарговы антыцыклон, які распаўсюджваецца з Заходняй Еўропы, палепшыць умовы надвор’я ў Беларусі. Зноў скрозь аблокі з’явіцца сонца, надвор’е чакаецца пераважна без ападкаў, хоць у начныя гадзіны будзе падмарожваць да нуля — мінус 7 градусаў, па паўночным усходзе — да мінус 10 градусаў. Днём паветра будзе інтэнсіўна прагравацца, і яго тэмпература дасягне 4–11 градусаў цяпла, на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці — 12–15 градусаў вышэй за нуль.

Дзень веснавога раўнадзенства ў старажытнасці лічыўся пачаткам новага каляндарнага года, у час якога праслаўлялі вясну, сонца і спальвалі чучала зімы. І цяпер у многіх краінах свету гэты дзень лічыцца вялікім святам. У большасці мусульманскіх краін адзначаюць Наўруз, які сімвалізуе вечнае абнаўленне жыцця, у Японіі святкуюць Сюмбун-но хі і цэлы тыдзень ушаноўваюць продкаў.

Астролагі сцвярджаюць, што дні сонцастаяння і раўнадзенства адчуваюцца многімі людзьмі як выключна магутны подых новага жыцця, новых магчымасцей і хвалявання перад пераменамі. Ад Сонца на Зямлю ў гэты час зыходзіць самая дынамічная энергія, таму добра пачынаць буйнамаштабныя праекты або развіваць ранейшыя.

У дзень веснавога раўнадзенства таксама можна прадказваць надвор’е на лета.

Ветранае надвор’е — цёплае лета, снег — сухое лета, ясная ноч — частыя навальніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?