«Салідарнасць» працягвае праект «Выбары: Рэканструкцыя». Гэтым разам экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук расказаў, якія дамоўленасці ў яго былі з Уладзімірам Някляевым, што за сцэнары рэалізоўваліся на Плошчы і дзе абмяркоўваўся варыянт захопу Дома ўрада.

«У мяне ад кампаніі засталіся толькі пазыкі»

— У чым, на твой погляд, галоўная праблема мінулай кампаніі?

— Самая вялікая праблема ўсіх апошніх кампаній у тым, што за 12 месяцаў да выбараў з’яўляецца нейкі неструктураваны чалавек з грашыма
або з магутнай міжнароднай падтрымкай, які кажа: партыі ні на што не здатныя, старыя партыйныя лідары не ўмеюць размаўляць з людзьмі, таму выбаршчыку трэба новы твар.

Зразумела, што ў Ганчарыка была свая спецыфіка, у Мілінкевіча — свая, у Някляева і Саннікава — свая. Але, тым не менш, гэта адзін і той жа праект. Салдаты, натуральна, бяруцца з партыйных структураў, таму што яны маюць досвед, веды, але не маюць грошай — для іх гэта не толькі спосаб выказаць сваё меркаванне, але і крыху паправіць матэрыяльнае становішча.

Ёсць таксама праблема ў тым, што ў Еўропе падтрымліваюцца не ідэі, не праграмы, а канкрэтная персона. Хлопцы, якія ўплываюць на меркаванне ЕС і ЗША, прапануюць свайго чалавека.
Гэты чалавек можа не мець падтрымкі ў Беларусі, не мець структур, адмаўляцца ад выхаду на адзінага кандыдата, але яны будуць настойваць на яго кандыдатуры. І пачынаюць дзяўбаць тых, хто хоча рэальных зменаў, абвінавачваючы палітыкаў, што адзін — праект Масквы, іншы — праект адміністрацыі прэзідэнта (як неаднаразова казалі пра мяне, Лябедзьку і ўсю АГП).

У выніку пасля выбараў мы маем факт павелічэння фінансавання Еўрапейскім саюзам праграм дзяржаўных структур, маем факт непадтрымкі палітычных аб’яднанняў, і ўласна цяпер вырашаецца пытанне, хто ж будзе аператарам рэсурсаў у беларускай грамадзянскай супольнасці цягам найбліжэйшых 3–4 гадоў.

І калі нічога не зменіцца, зноў за год да выбараў з’явіцца чарговы хлопец з мегарэсурсамі і скажа: я найлепшы, я самы праўдзівы, давайце працаваць на мяне. І арганізацыям, партыям нічога не застанецца, як гэта рабіць.

— Але чымсьці ж гэтая кампанія адрознівалася ад папярэдніх?

— Унікальнасць гэтай сітуацыі, у адрозненне ад 2006 года, палягала ў тым, што была яшчэ нейкая падтрымка з Усходу.

Цяперашнія галоўныя фігуры апазіцыі былі не толькі стварэннем Сікорскага. І гэта тое, што знаходзіць пацверджанне з 3–4 розных незалежных крыніц. Так, гэта быў сумесны праект, які мы ўсе вельмі добра ведаем.

— Ты маеш на ўвазе кампанію «Гавары праўду»?

— Не толькі. Упершыню Усход і Захад спрабавалі дамовіцца на адзін сцэнар.

— Не дамовіліся?

— Дамаўляліся да апошняга моманту. Пытанне ў тым, што здарылася ў апошні момант.

Дарэчы, у 2008 годзе таксама былі дамоўленасці, якія ў апошні момант таксама сарваліся, — адносна парламенцкіх выбараў. Увечары ў нядзелю ўсё перайграецца.

— Кім?

— Тым, хто не хоча такіх дамоўленасцяў.

Дарэчы, я не выключаю, што лідараў выкарыстоўвалі ўцёмную. Яны не ведалі, у што гулялі.
Яны проста выконвалі сваю частку. І, думаю, ішлі на плошчу з самымі мірнымі намерамі. А тут — раз — і трапілі.

— Давай тады абмяркуем падзеі на плошчы. На наш погляд, лідары, па сутнасці, ішлі за дэманстрантамі, якія сыходзілі да Дома ўрада. Кандыдаты ў прэзідэнты нават тэарэтычна не маглі ўзначаліць гэтае шэсце, улічваючы, што стаялі ля Палаца прафсаюзаў, а рух пачаўся ад уваходу ў метро ля ўніверсама «Цэнтральны». Вось хто там даў гэты імпульс?

— У любым выпадку імпульс далі Саннікаў і Статкевіч, якія сказалі: мы ідзем. Без гэтай адмашкі людзі стаялі б і далей.

— Так, натоўп накіравалі. Але, падобна, не кандыдаты. Статкевіч наогул пайшоў да рэзідэнцыі, але потым убачыў, што ўсе ідуць у іншым накірунку, і павярнуў.

— У любым выпадку рух пачаўся пасля ўказання з трыбуны.

— Добра. А што рабіў ты і які быў твой план?

— Мы сабраліся ўсім офісам у 19.20 на плошчы Якуба Коласа. Да гэтага ўсю пятніцу-суботу-нядзелю мы спрабавалі зразумець: які сцэнар Плошчы? Ніхто ніякай інфармацыі не даваў, ні з якім сцэнарамі нас не знаёмілі. Вырашылі: проста ідзем, а там будзем глядзець па сітуацыі. Раз людзі кажуць, што мы адказваем за Плошчу, значыць, у іх ёсць нейкі план.

Прыйшлі на Кастрычніцкую. Падыходжу на прыступкі Палацу, а там хлопцы ў поўнай разгубленасці. Статкевіч, які звычайна заўсёды баявы, вочы гараць падчас выступленняў, стаіць прыгнечаны. Разумею, што плану ніякага няма. Ніхто нічога не кажа. У каго мацюгальнік у руках, той нешта вяшчае.

Што гэта — ці то разагрэў, ці то ўжо само мерапрыемства — нічога не разумеем.

Прыбег Дзмітрыеў. Зноў жа, калі меркаваць, што ў Някляева быў нейкі план, Дзмітрыеў яго хоць бы агучыў. Але і ён нічога.

У 20.25–20.30 прыходзяць дадзеныя адносна апытання, што Лукашэнка атрымаў 30,5%. Тут Статкевіч бярэ мацюгальнік і кажа: вось прыйшлі вынікі экзіт-полу, мы перамаглі, трэба ісці пытацца за нашу перамогу.

На той момант ціск, што трэба нешта рабіць, пераважаў над усімі іншымі меркаваннямі. Куды ісці, яны тады не казалі. Відавочна, было два варыянты: да рэзідэнцыі і Дома ўрада.

Потым ужо я даведаўся, што ў Маскве абмяркоўваўся варыянт захопу Дома ўрада. Відаць, той, хто павёў, быў у курсе гэтага. Але ў любым выпадку рушылі ўсе пасля таго, як лідары абвясцілі, што трэба ісці. Хацелі яны туды ці не, і хто павёў — гэта ўжо іншае пытанне.

Я затрымаўся, таму што даваў інтэрв’ю журналістам. Потым пайшоў на плошчу Незалежнасці. Першае, што кінулася ў вочы, — няма ніякіх ахоўных ланцужкоў. Як быццам спецыяльна запрашалі. Калі вы не хацелі правакацый, дык пастаўце людзей першапачаткова. І не клічце ісці.

— Ты так кажаш, нібы сам не быў кандыдатам. Урэшце, які ў цябе быў сцэнар на Плошчы? Як можна не мець нават панятку, для чаго ты ідзеш туды?

— Абсалютна лагічнае пытанне. У нас нават абмяркоўваўся пытанне наогул нікуды не ісці.

Я рэалістычна ацэньваю свае магчымасці, і структурныя, і фінансавыя. Я рабіў кампанію практычна на свае грошы. У мяне засталіся толькі пазыкі. А Плошча — гэта лагістыка, падрыхтоўка і іншае.

Таму я шчыра сказаў хлопцам, што ў нас ісці няма з чым, і мы можам казаць толькі пра тое, каб прыйсці проста з нагоды выбараў выказаць сваё стаўленне і сказаць, што мы не згодныя. Цалкам традыцыйная акцыя, якая бывае пасля выбараў у любой краіне.

Для мяне важнейшай была сама кампанія, чым апошні дзень. І мяне папярэджвалі, у тым ліку і Захад: толькі не дапусці канфліктаў, эскалацыі. Таму калі я ішоў туды, то спадзяваўся, што людзі, якія бяруць на сябе арганізацыю Плошчы, — палітыкі адказныя.

— Што ты маеш на ўвазе, калі кажаш, што «ў Маскве абмяркоўваўся варыянт захопу Дома ўрада»?

— Нібыта ў размовах з Пуціным такое прагучала. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, сказаць не магу.

Прынамсі, я тады разумею логіку тых, хто заклікаў ісці да Дома ўрада, і пайшоў туды на перамовы. Таму што ў той момант я быў здзіўлены, калі, а палове 12-й кандыдаты заявілі: мы ідзем на перамовы з урадам. Пра што? З кім размаўляць?

Гэта

потым я даведаюся (чуткі неправераныя), што ў Крамлі «рэкамендавалі» Сідорскаму ў выпадку, калі Дом урада будзе заняты, ісці на перамовы з дэманстрантамі.

Тады многае сыходзіцца. Тады зразумела, чаму людзі патусавалі да Дома ўрада. Лагічна: ты яго займаеш, робішся ледзь не цэнтрам улады і вядзеш перамовы.

Інакш навошта штурхаць на правакацыі, заклікаць бліжэй падыходзіць да Дома ўрада? Толькі каб не дапусціць легітымізацыі Лукашэнкі? Хоць з гэтага пункту гледжання дзеянні былі паспяховымі. Мы дамагліся яго нелегітымізацыі.

Другая версія — і я яе прытрымліваюся — што ў гэтай кампаніі Лукашэнка, безумоўна, не атрымаў бы магутнага ўдару пад дых, калі б не гэтыя дзеянні, і вымушаны быў бы пачаць нейкі дыялог з еўрапейскай супольнасцю.

А пры такім збегу акалічнасцяў цалкам выйграе Расія. Сеткі так шчыльна расстаўленыя, што ў Лукашэнкі наогул не застаецца ніякай свабоды манеўру. Жорсткія ўмовы: і па газе, і па нафце.

Можа, Расія і гуляла не наўпрост, а апасродкавана, праз кандыдатаў. Бо калі б хацелі зрабіць нейкі пераварот, яны б зусім па-іншаму дзейнічалі.

Трэцяя версія: Някляеў, Статкевіч і Саннікаў проста змагаліся за лідарства над натоўпам, Плошчай. Хто цяпер можа прэтэндаваць на гэта? Вось гэтыя тры чалавекі.

Быў яшчэ і такі момант, як «праклён Мілінкевіча»: вось ён у 2006-м нікуды не пайшоў, і ўсе закляймілі яго ганьбай. Таму трэба было ісці толькі таму, каб дзейнічаць не так, як Мілінкевіч. Вось насуперак логіцы і пайшлі.

Можа, натоўп сапраўды потым выйшаў з-пад кантролю, плюс спрацавалі правакатары або разгарачаныя людзі. Ну так, калі ведаеш, што гэта можа быць, не кліч да Дома ўрада, выстаўляй дружыну. Я са жніўня чуў ад «Гавары праўду», што яны займаюцца Плошчай. Дзе?

Трэба разабрацца ў устаноўках усіх хлапцоў, якія ўдзельнічалі ў гэтым. Высветліць, хто каго пачаў кідаць, і галоўнае — хто данёс да Лукашэнкі інфармацыю, што гэта не імітацыі Плошчы, а рэальная Плошча? Але паколькі з тых, хто мог бы праліць святло, ніхто нічога не кажа, усё застаецца на ўзроўні здагадак.

— Значыць, у выніку быў рэалізаваны сцэнар уладаў?

— Упэўнены, што Лукашэнка ведаў пра ўсе сцэнары — у большай ці меншай ступені дэталізацыі — і вырашыў: раз вы так гуляеце, тады і я згуляю. І згуляў. І цяпер не ведае, што з гэтым рабіць. Таму што ўсе ў шоку. Аб нармалізацыі адносін з кім бы ні было наогул гаворкі не ідзе.

Цяпер рэальна існуе небяспека ўцягвання ў Расію.
40% валютнай выручкі — расійскія рублі, цяпер мы просім у Расіі амаль 11 млрд даляраў. Па залежнасці нафты і газу — зразумела. Любыя спробы навязаць сваю гульню па мытных рынках заканчваюцца тым, што Расія кажа «не». Нашы ўжо цалкам змірыліся, што будуць 100-працэнтныя мыты на аўтамабілі. Расійскія банкі, што працуюць у Беларусі, будуць дэмпінгаваць крэдытамі, каб падсадзіць на іголку найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы, таму што ў тых грошай на мадэрнізацыю няма.

І праз гады два для Лукашэнкі найлепшым варыянтам будзе сысці самому: толькі б яго пакінулі ў спакоі.

— Ну, гэты варыянт не для яго.

— Але і ў зямлянкі з ім ніхто не пойдзе. Расія мае больш козыраў у руках, і альтэрнатывы для Лукашэнкі з кожным годам памяншаюцца.

«Тады я і зразумеў, што Някляеў — вельмі несамастойная фігура»

— Раскажы, якія дамоўленасці былі ў цябе з Някляевым і кампаніяй «Гавары праўду» і што потым раптам адбылося.

— З мая мы працавалі разам, каардынавалі дзеянні. Яны выкарыстоўвалі нашых людзей, наш патэнцыял. Мы дамовіліся, што рыхтуем сумесныя дакументы, праграму, разам ездзім па краіне ў межах кампаніі, дапамагаем адзін аднаму збіраць подпісы. У АГП — добрыя сувязі, і нашы паездкі ў Канаду і ЗША былі часткай гэтай агульнай кампаніі.

Было вырашана: калі збяром подпісы і зарэгіструем — тады будзем думаць, хто здымаецца на карысць каго.

Яшчэ важны момант дамоўленасцей — калі так здарыцца, што не рэгіструюць Някляева, а рэгіструюць мяне, то я павінен сустрэцца са спонсарамі гэтай кампаніі. Таму што я не хацеў гуляць наўгад, не ведаючы, што гэта за хлопцы, якія іх задачы.

І раптам у жніўні Някляеў і яго каманда самі выкінулі нас з дамоўленасцяў. Мне паведамілі аб заканчэнні партнёрства як пра рэч, якая страціла для іх сэнс.

Тады я і зразумеў, што Някляеў — вельмі несамастойная фігура. Ён на сустрэчы са мной і Лябедзькам даслоўна заявіў: «Мне сказалі, што ад партнёрства трэба адмовіцца».

Таму, калі пачалі казаць, што Лябедзька ўзяў нейкія грошы і не паведаміў Раманчуку, што Раманчук узяў нейкія грошы і сышоў, ці, наадварот, мне не заплацілі, і я сышоў — гэта ўсё брыдка, таму што няпраўда. Мы выканалі ўсе абавязанні ў рамках тых дамоўленасцяў.

Тады мы не сталі адклікаць сваіх людзей, не сталі крытыкаваць, вінаваціць у парушэнні дамоўленасцяў. Калі б пачалася сварка, было б яшчэ горш. Мы проста пачалі рабіць сваю кампанію.

— І ўсё ж у нас на аснове адкрытай агульнадаступнай інфармацыі складаецца іншая карціна: канец лютага, стартуе кампанія «Гавары праўду», хутка робіцца відавочным склад — у асноўным гэта сябры АГП і «Справядлівага свету». Вядома, што партыі звычайна хваравіта рэагуюць на спробу зацягнуць сваіх сябраў у іншыя кампаніі — напрыклад, у Рух «За свабоду». А тут ніякіх скандалаў ні з боку Лябедзькі, ні з боку Калякіна, хоць тыя ж Дзмітрыеў і Вазняк — не апошнія людзі ў партыях. Раз гэта адбываецца і няма скандалаў, а Лябедзька і Калякін пастаянна прысутнічаюць на мерапрыемствах «Гавары праўду», значыць, тры суб’екты — камуністы, АГП і нейкі праект «Някляеў» — заключылі пакт.

Было б глупствам, калі б ад гэтай кааліцыі ішло на выбары больш за аднаго чалавека. Камуністы нават і не спрабавалі. А АГП раптам абвяшчае аб вылучэнні свайго прадстаўніка, і ім даволі нечакана робіцца Яраслаў Раманчук. Тое, што амбіцыйны палітык Лябедзька раптам саступае дарогу, мае сваё тлумачэнне: у рамках дамоўленасцяў Раманчук страхуе Някляева. Калі Някляеў даходзіць да канца, то Раманчук здымаецца на яго карысць. Хіба не так?

— Важнае дапаўненне, чаму Лябедзька і Калякін не вылучаліся. Цягам года да выбарчай кампаніі яны спрабавалі зразумець, ці можна мабілізаваць рэсурсы. У выніку высветлілася, што пад іх асабіста рэсурсаў не будзе і што адзінага кандыдата таксама не будзе.

Тады пачалі думаць аб іншых варыянтах. Калякін вырашыў не ісці, а мы вырашылі зрабіць такі сцэнар і рэалізавалі яго.

Пры гэтым дамоўленасцяў здымацца пад Някляева не было. Я абсалютна чысты перад усімі калегамі з «Гавары праўду». Першапачаткова я павінен быў азнаёміцца са сцэнарам, вырашыць, што за людзі, а потым ужо думаць. Але мы да гэтага этапу не дайшлі. Таму казаць, што Раманчук быў на падхваце ў Някляева, нельга — гэта было партнёрства.

— А ці не маглі быць дасягнутыя такія дамоўленасці без твайго ўдзелу?

— Калі б былі нейкія іншыя дамоўленасці, то Лябедзька б настойваў на маім здыманні пасля збору подпісаў. Але такога пытання наогул не стаяла…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?