У Менску памёр Давід Ёнавіч Бранштэйн, геній клясычных шахмат, чый лёс быў зьнітаваны зь Беларусьсю. Было яму 82 гады. Апошнім часам ён хварэў і закінуў шахматны сьвет, які ўзбагаціў і цудоўнымі камбінацыямі, і дасьціпнымі ідэямі, і літаратурнымі творамі. Для яго шахматы, насупор сучасным тэндэнцыям, былі перадусім часткай культуры.
Цягам 90-х Бранштэйн разьяжджаў па сьвеце і даволі пасьпяхова выпрабоўваў сілу кампутарных праграм. Каб Уладзімер Крамнік браў у яго кансультацыі – наўрад ці прайграў бы матч «Фрыцу-10». Аднак стары Давід схаваўся ў менскай кватэры разам з жонкай Тацянай Баляслаўскай, сьцярогся кантактаў з калегамі і рэпартэрамі.
Аднойчы мне пашчасьціла сустрэцца з чалавекам-легендай. Было гэта год таму ў шахматным клюбе «Вясьнянка», куды Бранштэйн зрэдчас завітваў. Ён моўчкі хадзіў між столікамі, аб нечым разважаў. Сваю кнігу «Міжнародны турнір гросмайстраў» (1956) падпісаць адмовіўся: «Ат, сярэдненькая кніга…». Тым ня менш, яна была і засталася ясным падручнікам для пакаленьняў.
Давід Бранштэйн быў пахаваны на Чыжоўскіх могілках 7 сьнежня, побач са сваім старэйшым сябрам, менскім гросмайстрам Ісакам Баляслаўскім. Вечная памяць!