Падчас майстар-класу, які адбыўся ў межах адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало», удзельнік «Еўрабачання» Пётр Ялфімаў наладзіў сапраўдны «разбор палётаў».
Спявак і выкладчык падзяліўся сваім поглядам на недахопы навучання вакалістаў, падбор рэпертуару, правільную беларускую мову і тэму аўтарства песняў.

Пра навучанне

У першую чаргу гэта датычыць выкладчыкаў. Надрэсіраваць можна і зайца. Ён будзе стукаць у барабан. Круціць кола, і ўсё будзе класна. Дзіця мусіць адчуць сябе свабодна. Не выходзіць на сцэну і думаць, што на гэтым слове трэба зрабіць так, а вось пачынаецца прыпеў, цяпер далічыць да пяці і пайду туды, а тут адыду, таму што пачынаецца пройгрыш. Нельга так рабіць. Педагог існуе для таго каб накіраваць, а не надрэсіраваць. І ні ў якім выпадку педагог не павінен рэалізоўваць нейкія свае нерэалізаваныя амбіцыі. Кожнае дзіця, кожны артыст — гэта індывідуальнасць. Самае галоўнае — даць яму магчымасць раскрыцца, а не рабіць ўсіх на адзін капыл.

Пра рэпертуар

Калі вы не ведаеце, як сумясціць грудны рэгістр з галаўным, значыць, трэба альбо пракансультавацца, альбо трошкі падвучыцца, альбо падабраць першапачатковы рэпертуар. Не трэба браць эстрадную песню і спяваць яе, каб канкрэтна было чуваць, што вось гэты дыяпазон дзіця спявае грудным гукам, а тут выразна гучыць адна галава. Гэта настолькі чуваць і гэта так абурае. Калі ты слухаеш і думаеш: вось зараз будзе кульмінацыя — а яе няма. Таму што не могуць! Гэта вакальны конкурс. Тут няма пэўных рамак, і ніхто не кажа што вось гэтую песню можна, а гэтую нельга. Вазьміце класічны твор, зрабіце прыгожую апрацоўку, хай выканаўца раскрыецца ў сваёй манеры, яму будзе зручна, і атрымаецца проста супер.

Пра беларускую мову

Сябры мае, гэта было нешта. Беларуская мова была проста агідная, пра ангельскую наогул маўчу.
Не ва ўсіх, але… Гучала песня на беларускай мове са словамі «па белым снегу». Па белым снезе! Ні ў якім выпадку не па снегу. Няма такога слова. Мы спяваем с[ь]вет, с[ь]мяяцца, с[ь]вятло, а не свет, смяяцца… Гэта беларуская мова. Гук «с» тут мяккі, і ўсё павінна гучаць прыгожа і правільна.

Пра аўтараў

У першую чаргу гэта непавага да сябе самога — не ведаць аўтара твора, які вы будзеце выконваць. Я сваіх студэнтаў не пускаю на парог, калі яны не ведаюць аўтараў, калі мне кажуць «песня з рэпертуару…» Ёсць маса інфармацыі ў інтэрнэце, няма такога — «песня з рэпертуару». У любой песні, у любога твора ёсць аўтар. І гэта вы павінны ведаць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?