Працяг нататак Змітра Панкаўца са Злучаных Штатаў.

 Сіэтл уначы выглядае незямным горадам

Сіэтл уначы выглядае незямным горадам

 У горадзе на вуліцах часта можна пабачыць здаравезныя татэмы.

У горадзе на вуліцах часта можна пабачыць здаравезныя татэмы.

 Ільіч з Фермонта. Часам яго тут апранаюць трансвестытам.

Ільіч з Фермонта. Часам яго тут апранаюць трансвестытам.

 Троль пад фатальным мостам "Аўрора"

Троль пад фатальным мостам "Аўрора"

 Ласось як бульба ў Беларусі

Ласось як бульба ў Беларусі

 Хтосьці крабаў бароніць, але большасць есць.

Хтосьці крабаў бароніць, але большасць есць.

 Сімвал Сіэтла -- парасон, які зносіць ветрам

Сімвал Сіэтла -- парасон, які зносіць ветрам

Пацешны Ільіч

У Сіэтле, як і ў Мінску, стаіць помнік Уладзіміру Леніну. Пяціметровы Ільіч прарываецца праз полымя і войны да светлай будучыні.

На ўзбярэжжа Ціхага акіяна Ленін трапіў са славацкага горада Папрад. Там яго толькі паспелі ўсталяваць у 1988-м, а праз год адбылася аксамітная рэвалюцыя. І ўсе помнікі правадыру рэвалюцыі чырвонай з чэхаславацкіх вуліц пачалі знікаць.

Фактычна са сметніцы Леніна дастаў настаўнік англійскай мовы Льюіс Карпентэр. Ён угаварыў мэра Папрада прадаць яму гэты помнік за 11 тысяч даляраў. Пераправа праз акіян каштавала ў тры разы болей. Прадпрымальны Карпентэр спрабаваў прадаць у Штатах гэты помнік за 150 тысяч, але так і не паспеў — загінуў у аўтакатастрофе. Славацкі Ільіч перайшоў як падарунак да бунтоўнага сіэтлаўскага раёна Фрэмонт.

Гэта раён творчай багемы, вольных мастакоў, паэтаў, хіпі, геяў. Некалі тамтэйшыя жыхары выступалі з паўсур’ёзнай ініцыятывай абвясціць незалежнасць Фрэмонта. Хоць дабіцца гэтага і не атрымалася фармальна, але фрэмонтцы жывуць сваім паўаўтаномным багемным жыццём.

За колькі кварталаў ад Леніна знаходзіцца мост (якая іронія!) «Аўрора». Ён абнесены высачэзнымі агароджамі. Справа ў тым, што «Аўрора» — другі па папулярнасці сярод самагубцаў мост у ЗША. Больш суіцыдаў здараецца толькі на «Залатых варотах» у Сан-Францыска.

Не ведаю, можа, прычынай такой сумнай статыстыкі з’яўляецца гіганцкі троль, што сядзіць пад «Аўрорай». Так выйшла, што тэрыторыя пад мостам пачала ператварацца ў сметніцу і месца, дзе гандлявалі наркотыкамі. Каб перапыніць такую тэндэнцыю, абвясцілі конкурс па добраўпарадкаванні.

Выйграў праект скульптуры троля з бетона, сталі і тросаў. У троля бачна толькі адно вока, а ў адной з рук ён трымае «фальксваген-жук». Суседнюю вуліцу нават назвалі троль-авеню.

Увогуле, Фрэмонт — гэта раён самых розных арт-аб’ектаў і помнікаў. Тут жа стаіць скульптурная кампазіцыя «У чаканні электрычкі». Шэсць чалавек і сабака чакаюць электрычку ў тым месцы, дзе яна ўжо даўно не ходзіць. У сабакі, дарэчы, чалавечы твар. Кажуць, што тагачаснага мэра Сіэтла.

Людзі ў Фрэмонце жывуць вясёлыя. У гэтым можна пераканацца хаця б па таму самаму Ільічу. Леніна часта пераапранаюць то ў трансвестыцкае ўбранне, то ў Джона Ленана, то зорку чырвоную альбо Давыда прыробяць да галавы. Карацей, пацешны тут Ленін. Незабранзавелы, як у нас.

Конская задніца

Насельніцтва Сіэтла вельмі адукаванае. Калі ў сярэднім у Штатах вышэйшую адукацыю атрымлівае толькі 15% жыхароў, то ў адміністрацыйным цэнтры штата Вашынгтон запаветны дыплом мае аж 51%. Гэта вельмі добры паказчык.

Тут вялікая інтэрнэтызаванасць грамадства. Мясцовая журналістыка ў сувязі з гэтым сутыкаецца зусім з новымі праблемамі і выклікамі. Да нядаўняга часу ў Сіэтле былі дзве гарадскія штодзённыя газеты. Адна з іх збанкрутавала, другая таксама ўсё болей глядзіць у бок інтэрнэту.

І, вядома, папулярнасць набіраюць блогі. Асабліва блогі пэўных раёнаў горада. На наш капыл, скажам, як блог Серабранкі. Туды ідуць усе навіны жыцця гэтага раёна. На блогах зусім не абавязкова працуюць прафесійныя журналісты, іх мова таксама адрозніваецца ад газетнай большай разняволенасцю. Пры невялікай раскрутцы на такіх сайтах пачынае з’яўляецца рэклама, і гэта дазваляе ўтрымліваць невялікі штат.

Часам блогеры ператвараюцца ва ўплывовых і паважаных людзей. Так атрымалася з Дэвідам Голдстэйнам. З ім мы сустракаліся ў рэдакцыі ліберальнай газеты Stranger. У памяшканні моцна напалена, не здзіўлюся, калі не толькі цыгарэтамі. Stranger збірае пад сваім дахам найбольш моцных і цікавых блогераў штата. Газета мае левы ўхіл, выходзіць раз у тыдзень. Там няма навін. У асноўным абсалютна суб’ектыўныя меркаванні, падарожжы, коміксы.

Дык вось пра Голдстэйна. У 2003 годзе ён ініцыяваў паўжартоўную кампанію з мэтай абвясціць мясцовага кансерватыўнага палітыка Ціма Аймана «конскай задніцай». Для гэтага Голдстэйн нават сабраў аргкамітэт па зборы подпісаў. Патрабавалася сабраць 100 тысяч подпісаў, каб справу аб «конскай задніцы» маглі разгледзець як законапраект. Голдстэйн кажа, што такім чынам ён проста спрабаваў давесці абсурднасць заканадаўства.

Пасля гэтай гісторыі ягоны блог «Конская задніца» імкліва стаў набіраць рэйтынг і зрабіўся ці не самым папулярным палітычным блогам штата Вашынгтон.

Голдстэйн — цяпер нярэдкі госць і на федэральных тэлевізійных каналах. Дэвід з гонарам расказвае, што яго да сябе на шоу запрашаў найпапулярнейшы кансерватыўны вядучы Біл О’Райлі. «Відаць, выставіць з мяне дурня не ўдалося, калі болей не запрашаў», — смяецца Дэвід.

Выратуй краба

Цікава, што менавіта ў Сіэтле дзейнічала ці не адзінае паспяховае савецка-амерыканскае сумеснае прадпрыемства. Супольна лавілі рыбу. На Алясцы і Чукотцы.

Рыба — гэта асобная старонка з жыцця Сіэтла. Нават на дваццаціпяціцэнтавіку з выявай штата Вашынгтон намаляваны ласось. У Сіэтле амаль паўгода можна назіраць міграцыю розных відаў ласося. Яго лоўля — гэта тут народная забава. Мне вось не пашанцавала — у дні прысутнасці ў Сіэтле ласося ў мясцовых азёрах і каналах не было.

А яшчэ тут шмат офісаў розных недзяржаўных арганізацый, кшталту «Абаронім разам каралеўскага краба з Аляскі».

Адной з галоўных славутасцяў Сіэтла ёсць іхні рынак «Пайк плэйс маркет». Крыты рынак знаходзіцца на самым узбярэжжы заліва Эліят. Гэтаму базару ўжо больш за сотню гадоў. Ён адзін з найбольшых у ЗША. Рынак шасціўзроўневы. Толькі адзін паверх над паверхняй зямлі.

Тут можна знайсці ўсё — ад старых коміксаў да экзатычных паўднёвых фруктаў. Але асаблівае месца тут займаюць, безумоўна, рыба і морапрадукты. Гіганцкія крабы, крэветкі, малюскі. І яшчэ дзясяткі ніколі нябачаных рыб і пачвар марскіх. Людзі найчасцей ходзяць на рынак як на экскурсію. Кажуць, у крамах усё адно танней.

Тым не менш, гандляры, як сапраўдныя шоумэны, заводзяць публіку. Бярэ здаравенную рыбіну і прапаноўвае, як на аўкцыёне, стартавую цану ў адзін даляр. Людзі следам таксама запальваюцца. Абарочваюся да гандляра, а мне проста ў твар ляціць немалая рыбіна. Не ведаю, як той самы прадавец ухітраецца злавіць за хвост рыбіну іншай рукой. Атмасфера базарнага жыцця Сіэтла зачароўвае.

А насупраць рынку, дарэчы, размешчаны першы ў свеце «Старбакс». Яго ў 1971 годзе адчынілі мясцовыя пісьменнік і настаўнік гісторыі. На лагатыпе яны змясцілі выяву сірэны. Яны проста хацелі варыць добрую каву. І кава ад «Старбакса» так спадабалася сіэтлаўцам, што сёння гэтая сетка мае 17 тысяч кавярняў у больш чым паўсотні краін свету.

Індзейцы, скандынавы, азіяты

Сіэтл атрымаў назву ад правадыра плямён суквоміш і дувуміш Сіатля. У сярэдзіне 1800-х гадоў ён завёў сяброўства з белымі перасяленцамі. І менавіта Сіатль заклікаў індзейцаў саступіць свае землі белым. Лекар Мэйнард пераканаў жыхароў гарадка Дуомпс перайменаваць паселішча ў гонар правадыра.

Дачка Сіатля Кікісоблу стала адной з найбольш вядомых жыхарак пазнейшага Сіэтла. Яна адмовілася перасяляцца ў рэзервацыю. Яе хаціна стаяла на перасячэнні дзвюх буйных вуліц Сіэтла. Яна мела невялікую крамку, дзе гандлявала сваімі вырабамі. Жыхары горада называлі яе прынцэсай Анджалінай. Сёння ў гонар яе названа некалькі гарадскіх вуліц. Увогуле ж, у Сіэтле на вуліцах часта можна пабачыць здаравезныя індзейскія татэмы.

Што да нацыянальнага складу жыхароў Сіэтла, то за дзень тут можна нават і не пабачыць чорнага. Затое тут ёсць свой скандынаўскі раён Балард. Аднак не нашчадкі вікінгаў, а азіяты складаюць абсалютную большасць сіэтлаўскіх мігрантаў.

Усё ж Кітай, Японія, Філіпіны і Сіэтл месцяцца ў адным ціхаакіянскім рэгіёне. Найбольш тут філіпінцаў. Пасля Другой сусветнай вайны філіпінцы маглі вольна атрымліваць амерыканскае грамадзянства. Шмат хто гэтым карыстаўся. Менавіта філіпінцы займаліся рыбнай прамысловасцю. Ёсць у Сіэтле свой «чайнатаўн», а таксама «маленькі Сайгон».

Выходзіць некалькі азіяцкіх гарадскіх газет. Рэдактарка Seattle Chinese Post Асунта Нг валодае пяціпавярховым домам у самым цэнтры Сіэтла. Рэдакцыі двух выданняў знаходзяцца на першым паверсе. Астатнія памяшканні здаюцца пад офісы.

Асунта кажа, што кітайская грамада Сіэтла падзяляецца на два лагеры. Тых, хто за прызнанне Тайваня, і тых, хто рашуча супраць. Яна кожны год вольна атрымлівае кітайскую візу. Кажа, што толькі не пазначае прафесіі «журналіст». Бо ў такім выпадку службы бяспекі тэлефануюць круглыя суткі, каб даведацца, што яна будзе пісаць пра Кітай. «Няўжо Вы думаеце, што яны не ведаюць, кім Вы працуеце насамрэч?» — пытаемся мы. «У іх доўгія рукі, але не настолькі», — упэўнена адказвае Асунта. Жанчына кажа, што яе дзеці ўжо больш усведамляюць сябе амерыканцамі, чым кітайцамі.

Суботнік імя Курта Кабэйна

Што датычыць беларусаў у Сіэтле, то такія таксама ёсць. Яны дзеляцца на некалькі тыпаў. Так званая «кілбасная эміграцыя» — гэта тыя, хто прыехаў сюды працаваць на «Майкрасофт» ці іншыя гіганты, каб зарабіць добрыя грошы.

Беларусаў такіх не сустракаў, а вось падчас пералёту з Даласа сядзеў побач у самалёце з жанчынай з Казані. У яе на «Майкрасофце» ўжо сем гадоў працуе дачка. Маці матляецца па паўгода паміж Сіэтлам і Казанню. Кажа, што ўнучкі амаль не размаўляюць па-расійску. Праца напружаная, але за гэты час дачка ўжо назбірала сабе на дом. Вось толькі не можа выбраць паміж Сіэтлам і Лос-Анджэлесам.

Другую вялікую частку складае эміграцыя рэлігійная. У Сіэтл едуць беларускія пратэстанты. У іх працуе ўзаемавыручка. З’язджае адзін і спрабуе перацягнуць за сабой астатніх.

Ёсць і такія, што засталіся ў ЗША, калі ездзілі студэнтамі на заробкі ў Штаты. Потым атрымалі тут адукацыю. Многіх занясло ветрам менавіта ў Сіэтл.

Калі ўжо ўзгадаў пра «Майкрасофт», то гэтая кампанія цалкам сплачвае за жыхароў штата Вашынгтон федэральны падатак. Пра асабняк Біла Гейтса на беразе возера Вашынгтон мясцовыя расказваюць самыя розныя легенды. І цяжка адрозніць, што тут праўда, а што мана.

Таксама ў Сіэтле месціцца штаб-кватэра найбуйнейшай інтэрнэт-крамы amazon.com, а таксама цэхі па зборцы «Боінгаў».

Ну і вядома, нельга забываць, што Сіэтл размешчаны ў фантастычна прыгожых мясцінах. На краявіды з гарамі, вулканамі, акіянам можна глядзець вельмі доўга. Праўда, вывяржэння вулкана Рэйнера мясцовыя баяцца. Хоць апошні раз ён і прачынаўся ў канцы ХІХ стагоддзя. У выпадку вывяржэння магчымае страшнае для Сіэтла цунамі.

Надвор’е тут стабільнае амаль на працягу ўсяго года. Тут не бывае моцнай спёкі, але і холаду. Яшчэ ў Сіэтле частыя дажджы і вятры. Сімвал горада — парасон, які зносіцца ветрам.

Калі ўспамінаць пра славутых ураджэнцаў Сіэтла, то адсюль быў культавы музыка Курт Кабэйн, лідар гурта «Нірвана». Так атрымалася, што я быў у Сіэтле праз пару дзён пасля дня нараджэння Кабэйна. Верныя фанаты ў той дзень традыцыйна прыбралі парк, які размяшчаецца побач з домам музыкі. Нават у гэтым ёсць нешта ад звыклых нам сацыялістычных суботнікаў.

***

Сіэтл (англ. Seattle, засн. 1851) — найбуйнейшы горад на паўночным захадзе ЗША і ў штаце Вашынгтон. У горадзе жыве 592 800 чалавек, а ва ўсёй метраполіі 3 424 441.

Буйны марскі порт, база кампаній «Боінг» і «Майкрасофт». Адна з культурных сталіц заходняга ўзбярэжжа. Радзіма стылю «гранж» і Курта Кабэйна. Таксама з Сіэтлам звязаныя імёны такіх вядомых людзей, як Джымі Хендрыкс, Біл Гейтс, Брус Лі і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?