23.03.2011 / 13:07

Дапамога Японіі + разліковы рахунак

Землятрус і цунамі ў Японіі ўскалыхнулі ўвесь свет.
За апошні тыдзень на выспах зарэгістравана 300 падземных штуршкоў. У краіне працуюць ратавальнікі са 110 краін. Не хапае лекаў, не хапае рысу. Па рашэнні энергетычнай кампаніі Tokyo Electric Power Co (TEPCO) у жылых раёнах некалькі разоў на дзень выключаюць электрычнасць дзеля эканоміі. Інжынеры і тэхнікі мужна змагаюцца за ахалоджанне рэактара на АЭС «Фукусіма-1», каб абмежаваць памеры радыяцыйнага забруджання.

Масака Тацумі — не аташэ і не пасол Японіі ў Беларусі. Але яе можна назваць паслом дабрачыннасці і культурных кантактаў. Яна набывала прэпараты для вывядзення радыяцыі для чарнобыльскіх дзяцей і медтэхніку для дзіцячых шпіталёў.

Ведаючы яе дзейнасць, да яе звяртаюцца мінчукі з прапановай дапамагчы японскаму народу.

Кожны год сп. Тацумі знаёміць беларусаў з традыцыйным адзеннем, цацкамі. Яна дэманструе каляровыя шоўкавыя кімано з вышыўкай для дзяўчат, замужніх жанчын і мужчын. Строі для мужчын захоўваюць сямейныя гербы. Няма японскай сям’і, у якой не было б герба. У гэтую нядзелю выставу наведала шмат гасцей, усе цікавяцца сітуацыяй, выказваюць словы падтрымкі.

«Людзям з усяго свету ў такія часы трэба аб’ядноўвацца і сябраваць, — гаворыць спн. Тацумі. — Перакажу сродкі для гуманітарных патрэбаў сваім суайчыннікам.

Я пералічу іх у першую чаргу тым японцам, якія раней ахвяравалі грошы для беларускіх дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў,
 — кажа сп. Масака.- У маім спісе было 10 такіх дабрачынцаў, шукаю іх у інтэрнэце, пакуль знайшла толькі трох, іншыя — без вестак. У Японіі створаны адмысловы сайт, які спрыяе пошукам зніклых без вестак».

Бацькі спн. Масака — Ясуакі і Казука — жывуць у Заходняй Японіі, іх дамы засталіся непашкоджанымі. Дзевяцігадовая дачка Масака Юе ў Мінску таксама выключае святло, каб берагчы прыродныя рэсурсы.

У Мінску будуецца царква ў гонар свяціцеля Мікалая Японскага на Каменнай горцы. У ХІХ стагоддзі выхадзец са Смаленска, які скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, вырашыў стаць хрысціянскім місіянерам. Вывучыць японскую мову яму дапамог мясцовы перакладчык Льва Талстога. Духоўная місія ў Токіа была адкрытая ў 1870 годзе, а ў 1970 св. Мікалай быў кананізаваны. У цэнтры Токіа быў пабудаваны Свята-Уваскрасенскі сабор, галоўны праваслаўны цэнтр Японіі, пасля пашкоджання ў вайну ён быў адноўлены. Праваслаўны сабор ёсць у Кіёта, старажытнай сталіцы Японіі.

Хто жадае, можа перадаць сродкі на лекі, прадукты харчавання праз сп. Тацумі.

Тэл.: (033) 639-06-48.

Рэспубліканскі разліковы рахунак Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:

Р/р 3015740099012 отд. 539 ААТ Белінвестбанк

МФО 153 001739

ОМП 100265026 код 739

вул. Калектарная, 11

Э. Дзвінская

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру