23.03.2011 / 14:06

У судзе па іску «Народнай волі» да Мінінфарма абвешчаны перапынак да 28 сакавіка 1

У судзе па іску недзяржаўнай газеты «Народная воля» да Міністэрства інфармацыі абвешчаны перапынак да 12.00 28 сакавіка. Як заявіла суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Кацярына Караткевіч, ёй трэба абдумаць высновы бакоў.

Слуханні па іску пачаліся ў ВГС сёння раніцай. «Народная воля» просіць суд прызнаць несапраўдным папярэджанне Мінінфарма ад 14 студзеня 2011 года. Чыноўнікі ўгледзелі парушэнне закона ў вераснёўскай заметцы «Хто пачуе лозунг „Сыходзь!“?», у якой гаварылася пра пачатак акцыі «Маладога фронту». Выданне папярэджана за «распаўсюджанне інфармацыі ад імя арганізацыі, якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю».

Як заявіў сёння ў судзе галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, «папярэджанне Міністэрства інфармацыі не мае пад сабой ніякай глебы» і з’яўляецца «прыкладам цэнзуры ў адносінах да незалежнай прэсы, а таксама непрафесійнага выканання сваіх службовых абавязкаў прадстаўнікамі міністэрства».

Аўтар артыкула, журналістка Любоў Лунёва, заявіла, што яна пісала пра грамадзянскую кампанію «Сыходзь!», якую праводзілі шэраг маладзёжных ініцыятыў, а не пра «Малады фронт».

Сярэдзіч да гэтага дадаў, што ў публікацыі яны цытавалі Дзмітрыя Дашкевіча не як прадстаўніка «Маладога фронту», а як прыватную асобу.

Прадстаўнік істца Гары Паганяйла прывёў суду шэраг прыкладаў, калі дзяржаўныя выданні ў публікацыях узгадвалі не зарэгістраваныя ў Беларусі арганізацыі (напрыклад, НІСЭПД і «Малады фронт»), а таксама давалі слова іх прадстаўнікам.

Аднак на думку прадстаўнікоў Мінінфарма, гэтыя прыклады не маюць адносінаў да гэтай справы. Яны лічаць, што ў публікацыі мела месца заява ад імя незарэгістраванай арганізацыі: Зміцер Дашкевіч быў прадстаўлены як лідар «Маладога фронту» і, паведамляючы пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі, выкарыстаў займеннік «мы».

0
Gutenman / Адказаць
23.03.2011 / 22:13
Мы,вы,ён,яны,гэта напамінае мне ўрокі беларускай мовы ў школе.Нас, у свой час ,вучылі беларускай мове адукаваныя настаўнікі,хаця антыбеларускія ўлады не вельмі шанавалі беларускую мову;а цяпер яна-пад забаронай.Як пад забаронай мова тытульнага народу,дык пад ёй-і асобныя словы,якія не да спадобы прыходзяцца розным цэнзарам ;асабліва -вярхоўнаму мовазнаўцу,які лічыць,што на гэтай мове нельга \"высказать всё возвышенное\",якога там назбіралась столькі,што хопіць многім цэнзарам мець кавалак хлеба яшчэ ні адзін год. Жадаем \"Народнай Волі\"быць паважанай газэтай і ў будучыні!Сёння -мы з вамі!Поспехаў у нялёгкім змаганні з дзяржаўнай цэнзурай!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру