23.03.2011 / 15:57

Прыём студэнтаў у ВНУ Мінадукацыі застанецца на леташнім узроўні

Прыём студэнтаў у ВНУ, падведамасныя Міністэрству адукацыі, застанецца на леташнім узроўні. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 23 сакавіка ў Мінску паведаміў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

Разам з тым, паводле яго слоў, кантрольныя лічбы прыёму будуць пераразмеркаваныя: паменшыцца набор на юрыдычныя, эканамічныя, некаторыя педагагічныя спецыяльнасці, і павялічаны прыём на спецыяльнасці тэхнічнага, тэхніка-тэхналагічнага профілю, будаўніцтва, а таксама на спецыяльнасці, звязаныя з IT-тэхналогіямі.

У цэлым у 2011 годзе ў беларускія ВНУ на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца прыняць 32,9 тыс. чалавек, што на 300 навучэнцаў менш, чым летась. Скарачэнне прыёму адбылося за кошт медыцынскіх ВНУ, а таксама ВНУ сілавых ведамстваў. Міністр адзначыў, што ў будучыні ў сувязі са складанай дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне «неабходна будзе зрабіць сур’ёзныя крокі, каб не дапусціць недабору на спецыяльнасці, запатрабаваныя на рынку працы».

Адказваючы на пытанне аб магчымым павышэнні кошту навучання, Маскевіч заўважыў, што «калі не адбудзецца змяненняў у стаўцы першага разраду, павышэння не будзе». На сёння навучанне аднаго студэнта ў сярэднім абходзіцца дзяржаве ў суму больш чым 7 млн. рублёў штогод. Студэнты платнай формы навучання ў сярэднім плацяць 4 млн. у год, такім чынам, каля 30% кошту іх навучання аплачвае дзяржава.

Маскевіч таксама дадаў, што Мінадукацыі плануе ўносіць розныя прапановы, каб ураўнаваць у правах студэнтаў-бюджэтнікаў і платнікаў у даванні месцаў на рынку працы, сацыяльнай падтрымкі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру