23.03.2011 / 16:30

Пытанне аб уваходжанні Беларусі ў Балонскі працэс разгледзяць не раней за красавік 2012 года 2

Пытанне аб уваходжанні Беларусі ў Балонскі працэс можа быць разгледжана не раней за красавік 2012 года падчас канферэнцыі міністраў адукацыі краін — удзельніц Балонскай дэкларацыі.

Аб гэтым паведаміў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч на прэс-канферэнцыі 23 сакавіка ў Мінску.

Паводле яго слоў, да гэтага часу ў Беларусі будзе праводзіцца работа па рэалізацыі прынцыпаў Балонскай дэкларацыі.

Нагадаем, у ліпені 2010 года Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру адукацыі Аляксандру Радзькову пачаць працэдуру далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Міністэрствам адукацыі 30 верасня мінулага года быў выдадзены загад аб міжведамаснай групе па ажыццяўленні Балонскіх прынцыпаў у Беларусі. Загад прадугледжвае стварэнне рабочай групы і комплекс мерапрыемстваў як па працэдуры ўключэння краіны ў Балонскі працэс, так і па рэалізацыі прынцыпаў Балонскай дэкларацыі і камюніке ў сістэме вышэйшай адукацыі краіны.

Балонскі працэс — гэта рух, мэта якога заключаецца ў гарманізацыі сістэм адукацыі, найперш вышэйшай, краін Еўропы.

Адзіная адукацыйная прастора заклікана дазволіць нацыянальным сістэмам адукацыі еўрапейскіх краін узяць усё лепшае, што ёсць у партнёраў, за кошт павышэння мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў, кіраўніцкага персаналу, умацавання сувязей і супрацоўніцтва паміж ВНУ Еўропы.

«Уваходжанне краіны ў Балонскі працэс будзе садзейнічаць збліжэнню з улікам нацыянальных інтарэсаў адукацыйных стандартаў беларускай і еўрапейскай сістэм вышэйшай адукацыі, павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, пашырэнню доступу да еўрапейскіх праграм акадэмічнага і навуковага супрацоўніцтва, да міжнародных інтэлектуальных рэсурсаў, павелічэнню экспарту адукацыйных паслуг, умацаванню прэстыжу нацыянальнай вышэйшай школы», — сказаў 23 сакавіка Сяргей Маскевіч.

Раней міністр адукацыі выказваўся аб тым, што санкцыі ЕС адносна Беларусі, уведзеныя пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, не павінны паўплываць на ўваходжанне краіны ў Балонскі працэс.

0
Serg / Адказаць
23.03.2011 / 16:52
Варта кожнаму беларусу разгледзець гэтае пытаньене асабіста і ўвайсьці самому. А потым увесьці краіну.
0
Gutenman / Адказаць
23.03.2011 / 21:30
Самае "лепшае",што яны могууць ўзяць у Беларусі,гэта адмовіцца кожнай дзяржаве ад сваёй мовы,як гэта зрабіла чынавенства ў Беларусі.Тады прыдзецца ўзяць-эсперанта,ці ажывіць латынь.Поспехаў панове ў саюзе з апошняй дыктатурай!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру