Другі прэзыдэнт Украіны (1994–2005) Леанід Кучма заявіў, што Генпракуратура прад’явіла яму абвінавачваньне.

«Мне прад’явілі абвінавачваньне. Я прачытаю яго. У панядзелак мы зноў сустракаемся са сьледчым», — сказаў ён журналістам пасьля допыту ў галоўным сьледчым упраўленьні Генпракуратуры.

Раней Кучма паведаміў, што Генпракуратура дала яму вочную стаўку з галоўным абвінавачаным у забойстве апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ — былым высокапастаўленым супрацоўнікам МУС Аляксеем Пукачам.

Генпракуратура падазрае Кучму ў забойстве Гангадзэ. Супраць яго распачалі крымінальную справу.

Так, 23 сакавіка намесьнік генпракурора Рэнат Кузьмін заявіў: «Кучма падазраецца ў перавышэньні ўлады, у дачы незаконных распараджэньняў службовым асобам МУС, якія прывялі ў выніку да забойства Георгія Гангадзэ».

Абезгалоўленае цела Гангадзе было знойдзенае ў 2000 годзе, калі Кучма быў пры ўладзе. Гэтак званыя стужкі Міколы Мельнічэнкі, былога ахоўніка Кучмы, якія ён нібыта запісваў сакрэтна ў кабінэце Кучмы, даюць падставы меркаваць, што былы прэзыдэнт Украіны мог быць зацікаўлены ў забойстве Гангадзэ.

«Я ўжо пяць гадоў таму сказаў, што гэта — жахлівая правакацыя супраць Украіны і ўкраінскага прэзыдэнта. Я на гэтых пазыцыях стаяў і буду стаяць», — заявіў Кучма 23 сакавіка, перад допытам у пракуратуры ў сувязі з узбуджэньнем справы супраць яго.

14 верасьня Генпракуратура абвясьціла аб завяршэньні сьледзтва аб забойстве Гангадзэ, якое адбылося ў 2000 годзе. Выканаўцам быў названы Аляксей Пукач. У студзені суд вырашыў, што Пукач забіў Гангадзэ па ўласнай волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?