На спашуканне Нацыянальнай тэатральнай прэміі паступіла 26 заявак ад беларускіх тэатраў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 сакавіка ў Мінску паведаміў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі.

Заяўкі падалі як драматычныя, так і музычныя тэатры. Сёння ў Беларусі працуе 28 дзяржаўных тэатраў і два прыватныя. Карачэўскі адзначыў, што загадам міністра культуры зацверджана адборачная камісія ў складзе тэатральных крытыкаў, драматургаў, рэжысёраў дзяржаўных і прыватных тэатраў, якая да 1 красавіка вызначыць, якія спектаклі возьмуць удзел у той ці іншай намінацыі.

Плануецца, што з 31 мая па 5 чэрвеня ў Мінску пройдзе тэатральны тыдзень, падчас якога журы і гледачам будуць прэзентаваны ўсе спектаклі-намінанты. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да конкурсу. Вядуцца перамовы з Першым каналам Белтэлерадыёкампаніі аб стварэнні тэлеверсіі паказаў.

Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Ён праходзіць у два этапы ў намінацыях: «Найлепшы спектакль», «Найлепшая рэжысёрская праца», «Найлепшая мужчынская роля», «Найлепшая жаночая роля», «Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка» (сцэнаграфія і касцюмы), «Найлепшае музычнае афармленне спектакля», «Найлепшая сучасная беларуская пастаноўка».

Паводле вынікаў конкурсу пераможцы ў кожнай намінацыі, акрамя намінацыі «Найлепшы спектакль», атрымліваюць грашовую прэмію ў 58 базавых велічынь. Пераможцы ў намінацыі «Найлепшы спектакль» атрымліваюць грашовую прэмію ў 286 базавых велічынь, якая дзеліцца на роўныя часткі паміж стваральнікамі спектакля.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў», грамадскімі аб’яднаннямі «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў» і «Беларускі саюз кампазітараў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?