Дакументальную стужку пра дыскрымінацыю інвалідаў у галіне вышэйшай адукацыі зняў Сяргей Ісаеў.
Фільм называецца «Незвычайныя людзі».
«Прынята ставіцца да інваліда як да суб’екта атрымання дапамогі, медыцынскіх паслуг, а не аб’екта дзейнасці, персоны, якая выконвае сваю сацыяльную ролю. Дзяржава не гатова да такой парадыгмы адносін, — адзначае ў фільме Сяргей Драздоўскі, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, праваабаронца. — Беларусь не падпісала выніковы пратакол Канвенцыі аб правах інвалідаў, бо гэта патрабуе кантролю над выкананнем рашэнняў у адносінах да іх».
Героі фільма — людзі, якія не бачаць альбо бачаць слаба, дрэнна чуюць. Нехта здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю. Іншыя — яшчэ вучацца ў ВНУ. А хтосьці толькі марыць пра будучую прафесію. І ўсе яны распавядаюць пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца на шляху да ўніверсітэцкай аўдыторыі.
У Беларусі адсутнічае бясплатнае дыстанцыйнае навучанне і службы дапамогі інвалідам у сістэме вышэйшай адукацыі.
Гэта не скаргі пра цяжкасці праз фізічныя адхіленні — гэта расповеды пра дыскрымінацыю з боку дзяржавы. Такім людзям прапануюцца спецыяльнасці швачкі, вязальшчыцы, у той час, як яны гатовы засвойваць зусім іншыя прафесіі. Ім не дазваляюць самарэалізоўвацца ў тых галінах, у якіх яны хацелі б і маглі.
Фільм быў прэзентаваны ў Мінску ў Цэнтры рэабілітацыі інвалідаў. Стужка будзе ўдзельнічаць у фестывалях праваабарончых фільмаў у Мінску, дэманстравацца на сустрэчах і семінарах.
Філь зняты па сцэнарыю Людмілы Бадзічкі і Віялеты Нядзелькі, аўтар ідэі — Эніра Браніцкая.Стужка з’явілася пры падтрымцы няўрадавай арганізацыі «Чалавек у нядолі» (Чэхія) і Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць».
Фільм можна замовіць па нумарах 8017-2808863, 8029-8751542, 8029-917 96 26 (Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»).