Гэтая шкалярская прымаўка ўспомнілася ўчора, калі вярнулася з Дня Волі.Падумаць толькі: міліцыя ў кожнай падваротні — прычым ад самага ранку, па горадзе дэманстратыўна, трубячы ў сірэны, раз’язджаюць аўтобусы са спецназаўцамі, цэнтральныя кварталы забітыя аўтазакамі, Купала і Колас пад арыштам…
Гэта ж колькі грошай убухалі! Золатавалютны запас…
І ўсё дзеля чаго? Каб юнакі не ўзнялі сцяг, каб бабулькі не заспявалі песню, каб ніхто кветкі не паклаў да помнікаў…
Моладзь ладзіла святкаванне на факультэтах — туды яшчэ не здагадаліся ціхароў нагнаць.
Праходзілі канцэрты і вечарыны — толькі я ведаю пра тры такія, а колькі іх было?
Далёкія ад палітыкі людзі на працягу дня круцілі пальцам ля скроні, сузіраючы той неадэкват, што прадэманстравала ўлада, — і гэта таксама вынік.
Уразіла маладая жанчына, якая свае кветкі пусціла на Свіслачы, — і яны агеньчыкамі плылі па цёмнай вадзе.
А гледзячы на спецслужбоўцаў у чорным з рацыямі ў вушах, успомніла прымаўку: «Зух супраць мух, а супраць зуха — і сам муха».
Хоць зухаў пакуль малавата.