Аляксандр Лашманкін, галоўны рэдактар праваабарончага інфармагенцтва Свабода (Самара, Расія), вызвалены пасля трох сутак знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання Оршы (Віцебская вобласць).

Нагадаем, журналіст і праваабаронца быў высаджаны ў Оршы з цягніка Чэлябінск — Брэст у ноч з 23 на 24 сакавіка. Падставай для затрымання стаў нібыта ананімны званок у міліцыю аб тым, што Лашманкін спрабуе правезці наркатычныя сродкі.

24 сакавіка суддзя Аршанскага суда Іна Кохава прызнала журналіста вінаватым у дробным хуліганстве. З міліцэйскага пратакола вынікала, што пры затрыманні Лашманкін размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Адразу пасля вынясення прыгавору Лашманкін аб’явіў галадоўку пратэсту.

Як паведаміў прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Канстанцін Баранаў, Лашманкін выйшаў з ізалятара сёння ноччу, у 1.05. Ён планаваў найбліжэйшым цягніком адправіцца ў Мінск, куды накіроўваўся першапачаткова для падрыхтоўкі журналісцкага матэрыялу. Паводле звестак Баранава, Лашманкін плануе «папрацаваць у Мінску, скарыстаўшыся сваёй акрэдытацыяй».

Як раней паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, Лашманкін падаваў дакументы на акрэдытацыю і «яны былі разгледжаны станоўча», хоць забраць пасведчанне расійскі журналіст яшчэ не паспеў.

Звязацца з самім Лашманкіным пакуль не ўдаецца. Баранаў выказаў меркаванне, што, хутчэй за ўсё, у яго закончыліся грошы на тэлефонным рахунку, а перавесці новыя ён не паспеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?