Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Ірына Губская, якая была затрымана 25 сакавіка і знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, хутчэй за ўсё, аб’явіла сухую галадоўку.

Да такога меркавання прыйшлі яе сябры пасля таго, як у ЦІП ім вярнулі перадачу, адрасаваную Губскай.

Як сказаў БелаПАН адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі, 26 сакавіка Ірыне была перададзена перадача, у якой, акрамя іншага, знаходзіліся бутэлькі з вадой. «Праз тры гадзіны нам патэлефаваналі з цэнтра ізаляцыі і сказалі, што Губская адмовілася прымаць перадачу. Гэта, хутчэй за ўсё, азначае, што яна аб’явіла галадоўку, а калі нават ваду не перадалі — значыць, сухую. Гэта значыць, Ірына не есць і не п’е», — лічыць Садоўскі.

Ірына Губская была затрымана ў Дзень Волі на праспекце Незалежнасці каля рэдакцыі газеты «Вечерний Минск» у 17.45, за 15 хвілін да аб’яўленай акцыі на плошчы Якуба Коласа.

Разам з ёй затрымалі членаў аргкамітэта БХД Таццяну Кім і Ганну Шапуцьку. Іх адвезлі ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска нібыта для высвятлення асоб. Там на Ірыну быў складзены пратакол, аб чым яна паспела паведаміць Садоўскаму. Аднак у чым канкрэтна яе абвінавачваюць, Губская не сказала. Затым актывістку даставілі ў ЦІП. Чакаецца, што суд над ёй адбудзецца 28 сакавіка.

Нагадаем, паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка падчас акцый з нагоды Дня Волі ў Мінску было затрымана больш за паўсотню чалавек. Большасць з іх адпусцілі з аддзяленняў міліцыі без складання пратаколаў. Дакладная колькасць тых, хто застаецца пад вартай, невядомая. Мяркуецца, што заўтра над імі пройдуць суды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?