Праектам закона «Аб абыходжанні з жывёламі» ў Беларусі плануецца ўвесці чыпаванне сабак і катоў, паведаміла выканаўца абавязкаў дырэктара мінскага прадпрыемства па часовым утрыманні жывёл «Фаўна горада» Тамара Царыкоўская, якая ўваходзіць у рабочую групу па распрацоўцы законапраекта.

Ужыўленне чыпа, адзначыла Царыкоўская, забяспечыць кантроль над жывёламі. Гэту працэдуру плануецца выконваць на ветстанцыях і ў «Фаўне горада».

Прадстаўнік арганізацыі адзначыла, што ў праекце закона замацоўваюцца патрабаванні да рэгістрацыі і ўліку, утрымання, абыходжання з жывёламі. Асобныя артыкулы замацоўваюць патрабаванні да выгулу сабак і абавязкі ўладальнікаў жывёл. У законе таксама будзе прапісана, якія канкрэтна жывёлы могуць утрымоўвацца ў дамашніх умовах, а якія не.

Паводле слоў Царыкоўскай,

у ліку запланаваных новаўвядзенняў

— забарона на ўтрыманне ў шматкватэрных дамах сабак патэнцыйна небяспечных парод. Аднак тыя з іх, якія на момант набыцця законам моцы ўжо жывуць у шматкватэрных дамах, могуць заставацца ў сваіх гаспадароў да натуральнай смерці.

У праекце закона таксама плануецца замацаваць існуючыя абмежаванні на ўтрыманне сабак і катоў у шматкватэрных дамах: у адной кватэры не павінна жыць больш за дзве жывёлы.

Акрамя таго, у законапраекце распісана дзейнасць пунктаў па часовым утрыманні жывёл, прытулкаў і камерцыйных гасцініц. Тэрмін утрымання ў пункце часовага прыёму адлоўленай безнагляднай жывёлы плануецца павялічыць з пяці дзён да месяца.

Як адзначыла Царыкоўская, найбліжэйшым часам законапраект будзе накіраваны для ўнясення прапаноў у зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы. Зацвярджэнне законапраекта Палатай прадстаўнікоў запланавана ў 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?