28.03.2011 / 16:16

Топ-10 навічкоў на беларускім рынку ў 2010 годзе

«Ежедневник» у партнёрстве з часопісам «Бізнэс-рэвю» выдзеліў яркія адкрыцці беларускага бізнэсу 2010 года.

«Ежедневник» у партнёрстве з часопісам «Бізнэс-рэвю» выдзеліў некалькі найбольш яркіх адкрыццяў 2010 года, што юрыдычна аформілі жаданне рабіць унёсак у ВУП Беларусі.

Зацішша, якое некаторыя назіралі на інвестыцыйным полі Беларусі ў 2010 годзе, не адмяніла двух дзясяткаў угодаў па продажы-куплі дзяржаўных прыватных бізнэсаў, адкрыццё новых прадпрыемстваў і крамаў і завяршэнне мадэрнізацый. Таксама ў 2010 годзе было заяўлена пра некалькі перспектыўных праектаў, кампаніі з сусветнымі імёнамі адкрывалі ў Беларусі прадстаўніцтва.

«Майкрасофт Софтвер Бел»

Несумненна, адным з пачаткоўцаў з самым гучным імем у мінулым годзе стаў сусветны софтверны гігант Microsoft. Кампанія ў пачатку 2010 года зарэгістравала ў Беларусі сваё афіцыйнае прадстаўніцтва «Майкрасофт Софтвер Бел», а ў канцы года прызначыла яго кіраўніком Міхаіла Маханека.

Хаця навічком у Беларусі карпарацыю, заснаваную другім багацеем свету Білам Гейтсам III (яго маёмасць, па дадзеных Forbes, — 53 млрд долараў), назваць можна ўмоўна. Яна даўно працуе на мясцовым рынку, яе інтарэсы ў якасці дыстрыб’ютараў прадстаўляюць дзве кампаніі — «ЭЛКО Камп’ютары» і «АСБІС» — і больш за 20 партнёраў. Проста да мінулага года беларускі бізнэс Microsoft не меў свайго офіса і кантраляваўся з Украіны.

«Маркс энд Спэнсэр Бел»

Дзіўнае супадзенне, але яшчэ адзін праект з гучным імем, аб якім было заяўлена ў мінулым годзе, звязаны з беларускай эміграцыяй.

Гэта рэгістрацыя вясной 2010 года кампаніі «Маркс энд Спэнсэр Бел». Ініцыятарам, па інфармацыі «Бізнэс-рэвю», стаў беларускі бізнэсовец Кірыл Саўрасаў, саўладальнік перастраховачнага брокера Beauchamp & Savrassov. У яго ўжо ёсць дастатковы вопыт развіцця франчайзінгавых праектаў на беларускім рынку. Адзін з іх — сетка крамаў тавараў для дзяцей і мам брытанскага брэнда Mothecare, якая складаецца на сённяшні дзень з пяці гандлёвых установаў. З невядомых прычынаў, з развіццём крамаў Marks & Spencer у Саўрасава ў 2010 годзе не атрымалася. Пакуль гэты брэнд адсутнічае ў рознічнай сетцы беларускіх гарадоў, уключаючы горад Слонім.

Чаму Слонім? Таму што стваральнік сусветна вядомага брэнда і яго першы ўладальнік Міхаіл Маркс быў родам менавіта з гэтага горада ў Заходняй Беларусі. У 1882 годзе ў самай першай хвалі габрэйскай эміграцыі з Расійскай імперыі ён прыбыў на Брытанскія выспы і там асеў назаўжды. Пачаўшы з невялікай крамы ў Лідсе, якая гандлявала таварамі за 1 пені, Маркс у хуткім часе стаў уладальнікам адной з найбуйнейшых рознічных сетак Вялікабрытаніі, якая і сёння паспяхова існуе ва ўсім свеце.

«Наш Майкл Маркс перамог Карла Маркса», — так адзначыла ўнёсак у сусветную гісторыю былога слонімца Маргарэт Тэтчэр.

«МАЗЗ БАЗЗ франчайзінг»

Яшчэ адзін франчайзінгавы праект, які з’явіўся ў мінулым годзе, звяртае на сябе ўвагу ў першую чаргу краінай паходжання франшызы — Аўстралія. Прадстаўнік Зялёнага кантынента Уорэн Рейналдс, франчайзер, які ўбачыў за тысячы кіламетраў перспектывы для свайго бізнэсу — сеткі прыдарожных кавярняў, — наогул першы аўстралійскі бізнэсовец, які сабраўся нешта ўкласці ў Беларусь.

Парфумерна-касметычная фабрыка «Свабода»

Каго толькі няма сярод інвестараў у гэты буйны праект, зарэгістраваны ў самым пачатку 2010 года! І былы півавар, і былы фармацэўт, і былыя ўладальнікі адной з найбуйнейшых рознічных сетак у суседняй з Беларуссю Літве. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра братоў-бельгійцаў Жоржа Эмануэля, Олівера і Нікаля Артызаў.

У пачатку 1990-х гадоў браты пасяліліся ў Літве і стварылі адзін з лідараў балтыйскага рознічнага бізнэсу — сетку крамаў Iki. Але ў 2008 годзе яны вырашылі адысці ад непасрэднага кіравання кампаніяй і прадалі 80% свайго бізнэсу пан’еўрапейскаму кааператыўнаму аб’яднанню Coopernic (у яго ўваходзяць такія гандлёвыя кампаніі, як нямецкая Rewe, бельгійская Colruyt, французская E. Leclerc, швейцарская Coop, італьянская Conad).

Частка выгандляваных ад продажу крамаў браты Артыз цяпер укладаюць у беларускую парфумерна-касметычную галіну.

Страхавое таварыства «Росгосстрах»

Яшчэ адзін сямейны бізнэс, гэтым разам расійскі, адкрыў сваё даччынае прадпрыемства ў Беларусі ў страхавым сектары. Гэты бізнэс належыць адным з найбуйнейшых расійскіх страхавальнікаў — братам Данілу і Сяргею Хачатуравым.

З мінулага года яны ўладальнікі 100% акцый кампаніі «Росгосстрах». У 2010 годзе яны выкупілі ў расійскай дзяржавы яе апошні пакет у кампаніі, але, як паведамляецца, не збіраюцца змяняць брэнд. У такім выглядзе ён прыйшоў і на беларускі рынак. Праўда, не падарваў яго, як некаторыя прадказвалі, улічваючы фінансавыя магчымасці Хачатуравых. Браты ўваходзяць у топ-100 самых багатых бізнэсоўцаў Расіі.

«Пекін Юні-Белканстракшн»

Даччынае прадпрыемства кітайскага дзяржаўнага будаўнічага бізнэсу BUCC, калі зірнуць на яго беларускае партфоліа, збіраецца здзейсніць у найбліжэйшыя гады ў нашай краіне сапраўдную інфраструктурную рэвалюцыю.

Далёка не самая буйная будаўнічая кампанія Кітая (напрыклад, па выніках 2010 года BUCC адсутнічае ў самым прэстыжным «225 Top Global Contractors», хоць у сярэдзіне 2000-х гадоў была там) ужо атрымала права на будаўніцтва найважнейшых аўтамабільных магістраляў, сеткі развязак ў Мінску, гасцінічнага комплексу «Пекін», рэканструкцыю стадыёна «Дынама» і ўзвядзенне беларускага «Чайна-таўна».

«Газпром трансгаз Захад»

Яшчэ адзін інфраструктурны і ўжо дзейны праект — расійскі газаправод «Ямал-Еўропа» — змяніў схему свайго кіравання.

З пачатку яго эксплуатацыі на тэрыторыі Беларусі ён абслугоўваўся «Белтрансгазам» («Газпром» плаціў за гэта беларусам грошы). Зараз гэтым зоймецца даччыная структура расійскай кампаніі. Адзначым, што гэтую ж схему для эксплуатацыі двух сваіх экспартных нафтапрадуктаправодаў у Беларусі прымяняе і іншы расійскі транспартны манапаліст — «Транснафта».

«Вічунай Бел» і «Вічунай Лагістык»

Два беларускія праекты (адзін па вытворчасці сурымі, іншы па яго прасоўванні) літоўскі бізнэсовец Вісвальдзіс Матыёшайціс абяцае запусціць да канца 2011 года.

«Белмарфлот»

Яшчэ адзін праект, звязаны з вадой, — гэта марскі флот уладальніка групы Zepter Філіпа Цэптэра.

Скарыстаўшыся сваёй трывалай бізнэс-базай у Беларусі (гандаль, банк, страхавая і лізінгавая кампаніі) і невыкараняльнай марай беларусаў аб выхадзе да мора, бізнэсовец зарэгістраваў кампанію, якая ўжо прыступіла да марскіх перавозках беларускіх грузаў. Пакуль гэта калійныя ўгнаенні.

«Волат-Санцзянь»

З 1997 года ў кітайскім горадзе Сіягань паспяхова працуе сумеснае прадпрыемства Мінскага завода колавых цягачоў і аб’яднання «Санцзянь» пры Кітайскай групавой кампаніі касмічнай прамысловасці — «Санцзянь-Волат Компані Лтд.».

А ў канцы 2009 года партнёры вырашылі (у пачатку 2010 года гэта рашэнне было аформлена ў юрыдычную асобу), што ёсць сэнс частку вытворчасці для сумеснага праекту лакалізаваць на тэрыторыі Беларусі. Прадпрыемства будзе выпускаць гідрамеханічныя трансмісіі ў Мінску. Між іншым, статутны фонд СП — 22,2 млн даляраў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру