Пасля 16 гадоў знаходжання ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі ацэньваюць па-рознаму. Для кагосьці ён дыктатар, калгасны сатрап, узурпатар. Для іншых прамяністы месія, Прэзідэнт (менавіта з вялікай літары). Для мяне ж асабіста, Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, 1954 года нараджэння, ураджэнец пасёлка Копысь, які працуе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, з нядаўняга часу з'яўляецца пацярпелым.

Трапяткую навіну аб асаблівым статусе Аляксандра Рыгоравіча ў маім жыцці мне абвясцілі сёння ў пракуратуры Гродзенскай вобласці.Следчы па найважнейшых справах Арсень Нікольскі, распавёў мне, што я падазраюся ў здзяйсненні злачынства прадугледжанага арт. 368 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, то бок у «абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Па версіі пракурора Гродзенскай вобласці В.Н. Марозава, які і распачаў у адносінах да мяне крымінальную справу, абразіў я Аляксандра Рыгоравіча на прасторах сусветнай сеткі Інтэрнэт, а калі быць дакладным, то на старонках «Газеты Выборчай» www.wyborcza.pl, «Белпартызана» belaruspartisan.org і нават у сваім блогу poczobut.livejournal.com.

Па-мойму, гэта першая крымінальная справа ў Беларусі па ЖЖ. Калі памыляюся, папраўце.

Далей дамо слова пракуратуры: «Пачобут А. С. (...) у перыяд 2010-2011 г.г. размясціў у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal. com. створаныя ім тэкставыя публікацыі, названыя «Час закручваць гайкі», «Лукашэнка знайшоў чарговую мэту», «У Беларусі выбары без выбару», «Кажыце мне бацька», «Так кіруе Лукашэнка», «Лукашэнка: Ды я сфальсіфікаваў выбары», «Свабода па-беларуску. Пакаяўся так выйшаў?», «Перадвыбарчы папулізм па-беларуску», «Так палохае беларускі КДБ» і адзін тэкст без загалоўка, пачынаецца словамі «Дзякуй усім ...» і сканчаецца словамі « ... можаце выкарыстоўваць», у якіх утрымліваюцца прыкметы публічнай абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ... »

Мой статус, на дадзены момант, падазраваны.

Якія ж прычыны стаяць за распачынаннем справы N11025190007? Як мне падаецца, іх некалькі.

Па-першае, асабістыя. Ужо вельмі гарачыя пачуцці выклікае мая асоба ў людзей з пагонамі на плячах. Інфармаваныя крыніцы кажуць, што маё прозвішча здольнае выклікаць у сілавікоў скрыгат зубоў, міжвольныя цікі, у найбольш слабанервовых мелі месца нават выпадкі заікання. Я, вядома, ўсё гэта лічу «бабулінымі казкамі». Аднак праверку, вынікам якой стала крымінальная справа, праводзілі «гламурныя зайцы», гэта значыць УКДБ па Гродзенскай вобласці. Таму спісваць з рахунку элемент асабістай помсты я б не стаў.

Па-другое, міжнародныя. У двухбаковых беларуска-польскіх адносінах Саюз палякаў, дзе я з'яўляюся старшынёй Галоўнай Рады, даўно разглядаецца «ўзброенымі халопамі Аляксандра Рыгоравіча» як патэнцыйныя заложнікі. Польшча нам санкцыі? А мы вам палякаў прыдушым! Даходзіла да таго, што ледзь не адкрытым тэкстам такія абяцанні гучалі з дыпламатычных прадстаўніцтваў РБ.

І па-трэцяе, інтэрнэтаўскія. Яшчэ 20 снежня на сваёй трыумфальнай прэс-канферэнцыі з нагоды чарговай «элегантнай перамогі» Лукашэнкі, паабяцаў навесці парадак у інтэрнэце.

— Мы гэтага не рабілі да выбараў, далі вам поўную свабоду. Але за гэтую свабоду вы будзеце адказваць. Усё, што там будзе напісана, і ўсё ўкіды — вы будзеце за гэта адказваць. Вы павінны несці адказнасць за свае словы. Калі абражаеце — трэба адказваць, — грозна заявіў ён.

Аляксандр Рыгоравіч, дарагі ты мой пацярпелы, за свае словы і ўчынкі я гатовы адказваць, што завецца, па ўсёй строгасці. Як гаварыцца, «мы за цаной не пастаім».

Спадзяюся, што прыйдзе час і па ўсёй строгасці давядзецца адказаць за тое што адбываецца ў Беларусі апошнія 16 гадоў, і былому прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. Увогуле, улічваючы мудрагелістае спляценне «па-першае, па-другое і па-трэцяе», мая нясціплая асоба была палічаная вартай сур'ёзнага палітычнага працэсу. Ну што, ж судзіцца дык судзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?