За журналіста Андрэя Пачобута, супраць якога беларуская пракуратура распачала крымінальную справу па артыкуле «Абраза прэзідэнта РБ», заступіліся ўплывовыя польскія палітыкі і чыноўнікі.

Ежы Бузэк, старшыня Еўрапарламента, заявіў, што «з сумам пачуў навіну пра выстаўленне абвінавачання Андрэю Пачобуту».

«Дзейнасць пракуратуры Беларусі з’яўляецца яшчэ адным ударам па свабодзе выказвання меркавання і дэмакратычнай апазіцыі. Відавочна, што рэпрэсіі свядома супалі з святкаваннем Дня Волі ў Беларусі. Гэта відавочная праява слабасці рэжыму. Я заклікаю ўлады ў Мінску неадкладна зняць абвінавачанні супраць Андрэя Пачобута», — сказаў старшыня Еўрапарламента.

«Дарагі Андрэй, вы не адзінокі ў гэтай бітве. Вы можаце разлічваць на поўную падтрымку Еўрапейскага парламента», — звярнуўся Ежы Бузэк да Пачобута.

У сваю чаргу міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі так пракаментаваў справу Пачобута:

— Пераслед Пачобута паказвае, што для таго, каб спыніць крытыку ў свой адрас, рэжым звяртаецца да метадаў, якіх ніхто не бачыў у нашай частцы свету пасля падзення камунізму. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць Пачобута і іншых абаронцаў свабоды слова ў Беларусі. На шчасце, іх колькасць няўхільна расце. Аднойчы яны перамогуць.

Відавочна, што беларускія ўлады дапускаюць вялікую памылку, ладзячы паляванне на журналіста. Сёння ўсе польскія газеты выйшлі з артыкуламі, прысвечанымі справе Пачобута. Выкарыстоўваць крымінальную справу супраць яго як інструмент ціску на Варшаву ці гандлю з польскімі ўладамі, у Мінска не атрымаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?