Музыка Аляксандр Кулінковіч супакойвае: гэта распаўсюджаны матыў.

У рэдакцыю «Нашай Нівы» напісаў чытач, які падзяліўся сваімі назіраннямі наконт песні Настассі Віннікавай «Я люблю Беларусь» («I love Belarus»). На яго думку, аўтары музыкі выкарысталі песню панк-гурта «Сектор газа» «Гуляй, мужик». Для параўнання наш чытач прапанаваў невялікі трэк, у якім злучыў у адно фрагменты прыпеваў дзвюх песень.

Слухаем. І сапраўды — падабенства відавочнае.

Мы прапанавалі паслухаць дасланы чытачом трэк лідару гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандру Кулінковічу. Азнаёміўшыся з ім, музыка вынес вердыкт: «Адназначна гэта адна і тая ж мелодыя». І тут жа супакоіў, зазначыўшы, што цалкам упэўнены ў адсутнасці плагіяту з боку аўтараў музыкі да песні «Я люблю Беларусь». «Гэта настолькі простая і распаўсюджаная мелодыя, што мы можаш лёгка адшукаць не адну песню з вельмі падобным матывам», — падкрэсліў Кулінковіч. — «Тут як у блюзе, ці рок-н-роле, дзе часта сустракаюцца падобныя рыфы. Усё ж гэта не “Yesterday”, ці “Let it be” з іх класічнымі і складанымі мелодыямі».

Атрымаць каментар у стваральнікаў песні пакуль не атрымалася.

Нагадаем, што на сёлетнім «Еўрабачанні» ў нямецкім Дзюсельдорфе нашу краіну прадставіць студэнтка Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Настасся Віннікава. Конкурсная песня некалькі разоў змяняла назву — ад скандальнай «Born in Bielorussia» да нейтральнай «I love Belarus».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?