02.04.2011 / 11:52

Сёння - канцэрт Віктара Шалкевіча 3

Польскі Інстытут у Мінску запрашае 2 красавіка ў ДК МАЗ, а 19-й гадзіне на вялікі канцэрт-прэзентацыю «Песні, пачутыя з „Урала’57“» легенды аўтарскай песні, беларускага барда і актора Віктара Шалкевіча.

Беларускі бард, актор, паэт і шоўмэн, лаўрэат Ордэна Усмешкі — Віктар Шалкевіч яшчэ ў школе пачаў пісаць і выконваць песні на беларускай мове. Саркастычныя творы гарадзенца станоўча ўспрымаюцца сучаснікамі як прыклад класічнага гумару. Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні, у тым ліку «Басовішча-92», «Восень бардаў-93» (Польшча). З канцэртамі выступае ў Беларусі, Літве, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі. Тэксты песняў перакладзеныя на англійскую, нямецкую, польскую, украінскую і чэшскую мовы. Падчас канцэрту будзе прэзентаваная новая кніга гродзенскага барда «Requiem па непатрэбных рэчах». На канцэрце прагучаць забытыя і не зусім песні, якія Віктар упершыню пачуў з радыёлы «Урал-57».

Даведкі: (017) 242-82-04; (029) 649-00-888.

Пункты продажу квіткоў: каса ДК МТЗ, каса ДК МАЗ, пераходы Я.Коласа, ГУМ і інш.

0
wital / Адказаць
01.04.2011 / 22:21
2 красавіка Віктар Шалкевіч прэзентуе дэбютную кнігу канцэртам у Мінску Падчас канцэрта бард выканае песні свайго дзяцінства і пазнаёміць наведвальнікаў з апавяданнямі другой, яшчэ недапісанай кнігі. Ілля Маліноўскі http://euroradio.fm/node/16775 2-га красавіка ў Доме культуры МАЗ адбудзецца канцэрт-прэзентацыя першай кнігі беларускага барда і акцёра Віктара Шалкевіча. Па словах аўтара, дэбютная кніга, якая выйшла яшчэ 20 сакавіка і атрымала назву "Requiem па непатрэбных рэчах", прысвечаная таму, што ўплывала і фармавала Віктара яшчэ ў дзяцінстве. Віктар Шалкевіч: "У кожнага чалавека ляжаць рэчы, якія практычна ўжо непатрэбныя: які-небудзь хрэстаматыйны мядзведзік з адным вокам, які-небудзь кінескоп ці фільмаскоп – рэчы, якія трымаць цяжка, а выкінуць шкада. Проста чалавек на іх глядзіць і ўзгадвае сваю маладосць. Вось пра такія рэчы, якія фактычна паўздзейнічалі на мяне, сфармавалі мяне, і пойдзе гаворка ў кніжцы". Падчас выступу ў ДК МАЗ Віктар паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб стварыць атмасферу тых часоў, калі ён быў маленькім. Дзеля гэтага нават была прыдуманая асобная назва для канцэрта-прэзентацыі і падабраны адпаведны рэпертуар. Віктар Шалкевіч: "Канцэрт называецца "Песні пачутыя з "Урала-57". "Урал-57" – гэта такая радыёла. Канцэрт будзе складацца з песень, якія я чуў у дзяцінстве і запомніў на ўсё жыццё. Будуць песні польскія, будуць песні расійскія, будзе і трошкі маіх, бо ўсе ж пакрыўдзяцца, скажуць, што ў Шалкевіча ўжо пяро не стаіць. Ну, мы паспрабуем перадаць атмасферу 60-70-х гадоў, у якія я рос". Акампанаваць Шалкевічу будуць запрошаныя піяніст, гітарыст ды акардэаніст. Што ж тычыцца звыклых нечаканасцяў падчас канцэртаў Віктара Шалкевіча, то гэтым разам яны таксама будуць літаратурнымі. Віктар Шалкевіч: "Я нядаўна быў у Швецыі, на Готландзе ў Вісбю, дзе пісаў новую кнігу, якая называецца "Мястэчка Г", гэта такое мястэчка, дзе я жыву цяпер. Я паспрабую прачытаць некалькі апавяданняў з новай кніжкі. Не думайце, у мяне няма такой шызы, што я раптам стаў літаратарам. Я ж пачынаў, як малады беларускі літаратар. Калісьці ў часопісе "Маладосць" я атрымаў прэмію за лепшы дэбют, у 86-м ці 87-м годзе гэта было. Так што я вярнуўся да таго, з чаго пачынаў". Канцэрт пройдзе пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Квіткі на выступ беларускага барда ды акцёра Віктара Шалкевіча каштуюць ад 15 да 30 тысяч рублёў. Усім у падарунак складанка беларускіх бардаў! 2 красавіка (субота) ДК МАЗ (ст.м. Аўтазаводзкая) Вялікі канцэрт барда і актора Віктара Шалкевіча. Пачатак 19.00. Квіткі ад 15 000 да 30 000. Кропкі продажу квіткоў: каса ДК МАЗ, ДК МТЗ, пераходы Я.Коласа, ГУМ і інш.
0
Цаніньнік / Адказаць
02.04.2011 / 01:53
А чаму не пісаць замест кропак - пункты? Точкі тачкі тэчкі. Кропка - занадта графічна, а не геаграфічна..
0
Anatol / Адказаць
03.04.2011 / 00:26
@Канцэрт пройдзе пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.@ ====================================================================== Дык вось чаму перадазіроўка песен на польскай мове. Вялікі дзякуй за апошнюю песьню канцэрта! :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру