Наталля Класкоўская, жонка Аляксандра Класкоўскага, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, сустрэлася з мужам упершыню з моманту яго затрымання. Як яна паведаміла БелаПАН, сустрэча адбылася 29 сакавіка.

Былы супрацоўнік міліцыі Аляксандр Класкоўскі быў затрыманы ў ноч на 21 снежня ў сябе дома ў сувязі з удзелам 19 снежня ў несанкцыянаванай акцыі ў Мінску і змешчаны ў СІЗА КДБ. Яму прад’яўляецца абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (чч. 1 і 2 арт. 293 КК), у знявазе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і ў самавольным прысваенні звання або ўлады службовай асобы (арт. 382 КК). Класкоўскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

«Як і належыць па заканадаўстве, сустрэча працягвалася тры гадзіны, — паведаміла Наталля Класкоўская. — Мы стараліся не закранаць тэмы, якія маглі б яму нашкодзіць. Ёе казаў, што ў камеры стала менш людзей — іх там зараз чатыры. Вельмі шакіраваны прад’яўленымі абвінавачаннямі».

Як зазначыла Наталля, Класкоўскі хоча, каб яго хутчэй асудзілі і адправілі ў месцы пазбаўлення волі. «Ён кажа, што яму лепш будзе там, каб яго перавялі з СІЗА КДБ. Даслоўна ён сказаў:

«Усё, што кажа Міхалевіч, — праўда»,

— паведаміла Наталля. Нагадаем, былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, пасля таго, як быў вызвалены са следчага ізалятара КДБ, заявіў, што ў СІЗА КДБ затрыманых падвяргаюць катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню.

«Да Аляксандра прыходзіў чалавек з Генеральнай пракуратуры, пытаўся, ці ёсць у яго скаргі на ўмовы ўтрымання. Вядома, Аляксандр адказаў, што скаргаў у яго няма. Інакш, як ён сказаў, умовы і без таго нялёгкія, пагоршыліся б яшчэ больш», — сказала Наталля.

Яна зазначыла, што крымінальная справа ў дачыненні да мужа ўжо перададзеная ў пракуратуру, якая павінна накіраваць яе ў суд.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?