Новыя падрабязнасці пра скандальны прэс-тур журналістаў з Польшчы.

На мінулым тыдні «Наша Ніва» апублікавала артыкул пра візіт польскіх журналістаў у Беларусь 15—19 сакавіка на запрашэнне генконсульства нашай краіны ў Гданьску. Турнэ палякаў асвятляла дзяржаўнае тэлебачанне, якое фактычна выкарыстала гэты прыезд у прапагандысцкіх мэтах. Пра асаблівасці візіту «НН» расказаў адзін з яго ўдзельнікаў — рэпарцёр тэлеканала Twoja Telewizja Morska Конрад Слупа. Пазней ён адмовіўся ад сваіх словаў, падкрэсліўшы, што перажывае за магчымасць ізноў наведаць Беларусь.

У апошнім нумары «Белгазеты» ў артыкуле «Паляк накормлены» з’явіліся новыя падрабязнасці пра скандальны прэс-тур. Журналіст выдання пагутарыў з іншым удзельнікам тура Яцэкам Калакоўскім, старшынёй «Асацыяцыі фатографаў Памор’я». Той фактычна пацвердзіў сказанае калегай з ТТМ, дадаўшы колькі раней невядомых фактаў. Прывядзём некалькі фрагментаў з гутаркі*.

Белгазета: Сітуацыя ў Беларусі ў польскіх медыя асвятляецца часцей з негатыўнага боку. Ці быў гэты прэс-тур спробай выправіць становішча?

Яцэк Калакоўскі: Я ў палітыку не лезу. Палітыкі змяняюцца: сёння — адзін, заўтра — другі. У Польшчы з 1989 г. мы таксама пабачылі самых розных палітыкаў — адны з іх падабаліся народу, іншыя — не, трэція вялі сябе дзіўна. Для мяне важна іншае: нашы два народы аб’ядноўвае вялікая гісторыя. Дрэнная гэта гісторыя ці добрая, але яна народы мусіць аб’ядноўваць без аглядкі на палітычную сітуацыю, у якой мы знаходзімся.

Мне было добра вядома, што ў вас, у Беларусі, дзейнічае іншая палітычная сістэма — набліжаная, хутчэй, да таго палітычнага ладу, які быў у Польшчы раней. Але я з-за гэтага асабліва не перажываю: я прыехаў да вас, мне спадабалася, і хацеў бы прыехаць яшчэ, каб сфатаграфаваць не толькі тыя беларускія гарады, у якія нас прывозілі. (…)

БГ: Затое вы маглі свабодна азнаёміцца з укладам жыцця на нашых прадпрыемствах…

ЯК: Так, такое было. (Смяецца.) Я ў нейкі момант нават занерваваўся—быў відавочны перагіб у бок журналістаў, а не фатографаў. Напрыклад, у Магілёве (ці ў Бабруйску?) мы патрацілі вельмі шмат часу на знаёмства з цудоўнымі спартыўнымі аб’ектамі, хакейнымі арэнамі: нам паказвалі, якія там распранальні, якія зручнасці… Нас гэта не цікавіла — нас цікавіла гісторыя… А зусім побач знаходзілася цудоўная старая крэпасць, але часу на яе наведванне чамусьці не хапіла.

Разумееце, у фатаграфіі надзвычай вялікае значэнне мае святло. Мы бачылі ў вас цудоўныя цэрквы. Касцёлы, аб’екты архітэктуры, але калі нас да іх адпускалі, светлавы дзень даўно ўжо быў ззаду. Мы, канечне, зробім выставу па выніках гэтай паездкі, але гэта будзе зусім не тое, чаго мы хацелі. (…)

БГ: Але асаблівага дыскамфорту ў часе прэс-тура вы не адчувалі?

ЯК: Як вам сказаць… Нешта спадабалася, штосьці не вельмі. Напрыклад, не вельмі спадабалася тое, што ў часе ўсёй паездкі нас суправаджала ахова.

БГ: Вас суправаджала ахова?

ЯК: Ну, так мне падалося…

БГ: Вас ахоўвалі ад дзікіх беларускіх абарыгенаў?

ЯК: Атрымліваецца, што так. Нас увесь час суправаджала група нейкіх людзей, а калі мы кудысьці прыязджалі, нас ужо там чакала тэлебачанне. Усё-ткі мы прыехалі рабіць фотарэпартаж пра Беларусь, а не раздаваць інтэрв’ю.

БГ: Вось тут вас і зацягнулі жорны беларускай прапагандысцкага млына…

ЯК: Ва ўсялякім выпадку, у нас заставалася магчымасць казаць тое, што мы лічым патрэбным. Канечне. У нейкай ступені наш візіт быў выкарыстаны ў прапагандысцкіх мэтах—ну а што мне застаецца думаць, калі я ўключаю тэлевізар, а там ваш прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка размаўляе з беларускімі журналістамі (магчыма, Яцэк Калакоўскі гаварыў пра сустрэчу Лукашэнкі з расійскімі журналістамі 18 сакавіка, памылкова назваўшы іх беларускімі — nn.by), а потым адразу ідзе навіна пра нашу паездку? З іншага боку, я не крыўдую на арганізатараў: так, сэнс паездкі апынуўся некалькі інакшым, так, нас вазілі на нейкія сустрэчы, дзе чыноўнікі дакладвалі нам, колькі ў іх у гаспадарках свіней, кароў і курэй… Але даронаму каню ў зубы не глядзяць — усё ж нас запрасілі, забяспечылі нам прыезд, начлег, харчаванне…

На просьбу «Белгазеты» вынікі прэс-тура пракаментаваў публіцыст польскага інтэрнэт-партала Wirtualna Polska Алег Барцэвіч. WP таксама атрымала запрашэнне ў вандроўку па Беларусі, але адказала адмовай.

«Беларускія дзяржаўныя СМІ атрымалі тое, што хацелі, падобныя мерапрыемствы разлічаныя хутчэй на ўнутранага, чым знешняга спажыўца. У іх атрымаўся “патрэбны” рэпартаж пра тое, быццам журналісты з Польшчы нахвальваюць беларускія парадкі. Пры гэтым відавочна што выказванні ўдзельнікаў прэс-тура былі дадуманыя»,
— пракаментаваў А. Барцэвіч.

*Цалкам артыкул «Паляк накормлены» чытайце ў «Белгазеце» (№ 12 ад 28 сакавіка 2010 г.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?