Сённяшнія палітычныя суды — працяг змагання за дасягненне мэтаў, пастаўленых 25 Сакавіка 1918 года. Піша гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Фота з мінскай расійскамоўнай газеты 1918 года.

Фота з мінскай расійскамоўнай газеты 1918 года.

Паштоўка БНР.

Паштоўка БНР.

Міністры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Міністры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У імя ідэалу незалежнай дэмакратычнай Беларусі працягваецца змаганне. На фота: палітвязень Мікіта Ліхавід.

У імя ідэалу незалежнай дэмакратычнай Беларусі працягваецца змаганне. На фота: палітвязень Мікіта Ліхавід.

18 снежня 1917 года бальшавікі Заходняй вобласці (гэтак яны называлі нашу краіну) збройнай сілай разагналі Усебеларускі з’езд. На наступны дзень яны захапілі дом губернатара на Саборнай плошчы, у якім месціліся беларускія ўстановы.

Рэдактар тыднёвіка «Вольная Беларусь» Язэп Лёсік стаяў перад альтэрнатывай: або «не распісваць» матывы і абставіны разгону з’езда, дазвол і грошы на правядзенне якога дала цэнтральная расійская ўлада, або адмовіцца ад выпуску газеты. Былы палітычны ссыльны, Язэп Лёсік выбраў першае. Таму ў нумары «Вольнае Беларусі» ад 21 снежня 1917 г. гісторык знойдзе мала канкрэтнага матэрыялу пра тую гістарычную падзею.

Усе наступныя

дзевяноста тры гады па-за ўвагай гісторыкаў заставаўся невялікі тэкст, надрукаваны 21 снежня «тлустым» шрыфтам на 2-й старонцы «Вольнае Беларусі». А тэкст заслугоўвае асаблівае ўвагі. Думаю, асноўную ідэю таго тэксту настала пара актуалізаваць. Вось яна: «Беларуская рэвалюцыя пачалася. Няхай жыве Беларускі Народ!»

Рэвалюцыя ў свядомасці

Актуалізуючы думку Язэпа Лёсіка, асмелюся сцвярджаць, што рэдактар «Вольнае Беларусі» памыліўся.

Беларуская рэвалюцыя пачалася не 18 снежня 1917 года. У той дзень пачалася палітычная рэвалюцыя. Але перш чым адбудзецца палітычны пераварот, павінен адбыцца пераварот у галовах.

Беларуская рэвалюцыя насамрэч пачалася ўвосень 1902 года ў Пецярбургу. Група маладых людзей з Віленшчыны на чале з Вацлавам Іваноўскім паспрабавала стварыць першую беларускую палітычную арганізацыю — Беларускую рэвалюцыйную партыю. Яны склалі адозву да інтэлігенцыі, у якой заклікалі працаваць дзеля асветы беларускага народа. Палітычных пастулатаў у першым дакуменце беларускага руху ХХ стагоддзя не было. І гэта не задаволіла маладых людзей з Мінска, якія ўвосень 1902 года прыехалі ў Пецярбург на вучобу. Іван Луцкевіч не адмаўляў, што народу трэба кнігі, але, на ягоную думку, гэтага было мала. І таму Іван з братам Антонам узяўся за стварэнне беларускай палітычнай арганізацыі самым сур’ёзным чынам.

У 1903 годзе ўжо меліся габрэйскія, літоўскія, польскія, расійскія, украінскія партыі. Амаль усе яны спрабавалі дзейнічаць і на беларускай тэрыторыі, але ніводная не ўлічвала інтарэсы і патрэбы беларускай мужыцкай нацыі. Большасць тых партый былі ўпэўненыя або рабілі выгляд, што такой нацыі няма, і ставілі за мэту ўключыць у склад будучых літоўскай, польскай і ўкраінскай дзяржаў, у склад будучай расійскай дэмакратычнай рэспублікі калі не ўсю Беларусь, дык асобныя яе часткі.

У такой сітуацыі проста неабходна было, каб нехта сказаў слова за Беларусь. І гэтае слова сказалі браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі ды іх аднадумцы. У канцы 1903 года яны правялі ўстаноўчы з’езд Беларускай рэвалюцыйнай Грамады — партыі, якая наступныя пятнаццаць гадоў будзе адзінаю палітычнаю арганізацыяй беларусаў.

Людзі, якія стаялі ля вытокаў беларускага руху ХХ стагоддзя, былі зусім маладыя. На момант стварэння партыі Вацлаву Іваноўскаму споўнілася 23 гады, Івану Луцкевічу — 22, Антону — 19. На гэтым фоне 35-гадовы беларускі рэвалюцыянер Карусь Каганец выглядаў чалавекам сталага веку.

Маладосцю заснавальнікаў партыі тлумачыцца тое, што першая праграма БРГ (з восені 1904 года — Беларуская сацыялістычная Грамада) была, як прызнаваўся Антон Луцкевіч, «нявырабленая». Аднак адзін пункт гэтай праграмы стаў вызначальным у дзейнасці беларускіх сацыялістаў. У тым пункце абвяшчалася, што БСГ хоча пабудаваць «незалежную дэмакратычную рэспубліку».

Можна смела казаць, што ў дзень заснавання Беларускай сацыялістычнай Грамады ў Беларусі пачалася ідэалагічная рэвалюцыя.

Маладыя беларускія сацыялісты разумелі, што стаць незалежнаю адразу, з першае спробы Беларусь не здолее. Яны прыйшлі да пераканання: перш чым Беларусь набудзе незалежнасць, яна павінна стаць аўтаномнаю часткаю будучай Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Для незалежнай Беларусі патрабаваўся шырокі пласт інтэлігенцыі, адміністратараў, патрэбен быў досвед самакіравання, самаарганізацыі, але найперш патрабавалася, каб у галовах вялікай колькасці людзей здзейснілася ідэалагічная рэвалюцыя.

Тысячы экзэмпляраў улётак і брашур, надрукаваных па-беларуску, выпуск газеты «Наша Ніва», праца выдавецтваў, арганізацыя музычна-драматычнага гуртка — усё гэта і іншае служыла далучэнню да барацьбы за нацыянальнае вызваленне новых і новых людзей. Выключнаю заслугаю рэдакцыі «Нашай Нівы» (а яе ўзначальвалі сябры Цэнтральнага Камітэта БСГ) было тое, што ў беларускім руху з’явілася і правая плынь, якая заснавала газету «Беларус». Яшчэ большаю заслугаю было тое, што, заснаваныя дзеячамі БСГ «Наша Ніва» і выдавецтвы далі трыбуну шматлікім талентам, у тым ліку зоркам першае велічыні — Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу.

Пачатак палітычнай рэвалюцыі

Першая сусветная вайна прынесла беларускаму народу незлічоныя бедствы. З другога боку — паспрыяла пашырэнню беларускай свядомасці ў масах. Апынуўшыся на чужыне, у бежанстве, многія беларусы адчулі сябе менавіта беларусамі, а не «рускімі» жыхарамі Паўночна-Заходняга краю імперыі.

Скіданне царызму было паваротным пунктам у вызвольным руху.

Восем месяцаў свабоды зрабілі беларускі рух сапраўды масавым і шматстайным. Яго найвышэйшым пунктам стаў Усебеларускі з’езд. Больш як 1800 дэлегатаў прадстаўлялі ўвесь беларускі этнічны абшар: Віленскую, Віцебскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Мінскую і Смаленскую губерні. Гэта быў сапраўды дэмакратычны форум, бо ў працы з’езда бралі ўдзел прадстаўнікі Саветаў сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў, земстваў, гарадскіх дум, кааператываў, палітычных партый, бежанскіх арганізацый.

У тыя снежаньскія дні 1917-га пачалася беларуская палітычная рэвалюцыя.

На з’ездзе былі і тыя, хто марыў аб поўнай дзяржаўнай незалежнасці роднага краю, і тыя, хто не адважваўся нават падумаць пра гэта. Таму з’езд прыняў кампрамісную пастанову, якая задавальняла ўсіх: Беларусь становіцца аўтаномнаю часткаю Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, а для кіравання краем з’езд выбірае са свайго складу Усебеларускую Раду (Савет) сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Менавіта Раду, у якой прадстаўнікі розных груп насельніцтва і розных партый радзяцца і прымаюць узгодненыя рашэнні. Гэта было дэмакратычнае разуменне савецкай улады. Але быў і іншы — бальшавіцкі, недэмакратычны — погляд на Саветы. І таму няма нічога дзіўнага, што

бальшавікі Заходняй вобласці (людзі, прыгнаныя ў Беларусь ваеннымі падзеямі) вырашылі разагнаць з’езд збройнаю сілаю.
Дэлегаты ж разважалі па-свойму. Раз яны прадстаўляюць беларускі народ, раз цэнтральная расійская ўлада дазволіла правесці Усебеларускі з’езд і нават фінансавала яго, яны, дэлегаты, павінны давесці сваю справу да канца. Таму 18 снежня 1917 года яны сабраліся ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і абвясцілі Раду Усебеларускага з’езда органам краёвай улады.
21 снежня Рада Усебеларускага з’езда, прызнаўшы сябе краёваю ўладаю, вылучыла са свайго складу Выканаўчы камітэт на чале з Язэпам Варонкам. На Выканкам ускладаліся функцыі выканаўчай улады Беларусі.

Найвышэйшы пункт рэвалюцыі

У момант разгону Усебеларускага з’езда бальшавіцкая ўлада паказала сваю нелаяльнасць да беларускага руху за самавызначэнне. Яна парушыла ёю ж выдадзеную Дэкларацыю правоў народаў Расіі. Таму беларускі рух мог цяпер быць нелаяльным да бальшавіцкай улады. І калі ІІІ Усерасійскі з’езд Саветаў (студзень 1918 года) пад дыктоўку Уладзіміра Леніна і Якава Свярдлова ўхваліў дзеянні мінскіх бальшавікоў, шляхі беларускай дэмакратыі і бальшавізму разышліся.

Ніводная рэвалюцыя не адбываецца ў старым прававым рэчышчы. У студзені 1918 года петраградская ўлада развязала рукі беларускім рэвалюцыянерам. Мала таго, гэтая ўлада сваёй палітыкай падштурхоўвала беларускіх рэвалюцыянераў да радыкальных дзеянняў.

У мяснікянаў, ландэраў і кнорыных хапіла збройнай сілы, каб разагнаць Усебеларускі з’езд, але ў іх не было сілы супрацьстаяць немцам. І як толькі нямецкія войскі рушылі на Усход, бальшавікі, прыхапіўшы з сабою авуары дзяржаўнага банка, мусілі ўцякаць у Смаленск. 19 лютага 1918 года з падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, з турмы былі вызвалены беларускія дзеячы, а ўжо 20 лютага паўстаў першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят. І гэты ўрад быў створаны не ў Смаленску, не пад дыктоўку Іосіфа Сталіна, а тут, у Мінску, самімі беларусамі. На балконе губернатарскага дома ў Мінску, дзе засядаў Народны Сакратарыят, зноў з’явіўся наш нацыянальны сцяг. Можна наракаць на Язэпа Варонку ды іншых дзеячаў за тое, што яны не абвясцілі Беларусь незалежнаю дзяржаваю да прыходу немцаў у Мінск, да заключэння Брэсцкага мірнага дагавору паміж немцамі і бальшавікамі. Але для гэтага трэба было сабраць Раду Усебеларускага з’езда. Мала таго, трэба было выканаць наказ дэлегатаў з’езда і папоўніць Раду прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў (габрэйскай, літоўскай, польскай, расійскай), земстваў і гарадоў.

Выканкам Рады Усебеларускага з’езда быў закладнікам дэмакратычных працэдур. Рада здолела сабрацца толькі 19 сакавіка. А тым часам у Брэсце быў падпісаны мірны дагавор. Адхіліўшы ад удзелу ў перамовах прадстаўнікоў беларускага народа, немцы і бальшавікі падзялілі Беларусь. І Выканаўчы камітэт мусіў, не чакаючы пачатку працы Рады, 9 сакавіка абвясціць Беларусь народнаю рэспублікай. У2-й Устаўнай Грамаце былі закладзеныя асновы канстытуцыйнага ладу. Сабраўшыся 19 сакавіка на сваё пасяджэнне, Рада Усебеларускага з’езда вырашыла, што ад гэтага часу яна будзе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак ні Выканкам 9 сакавіка, ні сама Рада праз дзесяць дзён нічога не сказалі пра дзяржаўна-прававы стан Беларусі: ці застаецца Беларусь па-ранейшаму часткай Расіі?

Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, спатрэбіліся дзве рэчы. Па-першае, у Мінск прыехала дэлегацыя Беларускай Рады ў Вільні на чале з Антонам Луцкевічам. Гэтая Рада яшчэ 16 лютага абвясціла парванымі дзяржаўныя сувязі з Расіяй. Па-другое, 23 сакавіка кайзер Вільгельм ІІ прызнаў незалежнасць Літвы, а Народны Сакратарыят Беларусі атрымаў з Берліна тэлеграму, што Германія па-ранейшаму лічыць Беларусь часткаю Расіі. Мала таго, Германія вырашыла аддаць пад уладу Літвы частку этнічнай Беларусі з Гроднам, Валожынам, Паставамі, Браславам. У гэтых умовах у патрыётаў Беларусі не было іншага выйсця, як абвясціць БНР незалежнаю дзяржаваю.

Прынятыя 25 сакавіка 1918 г. пастанова Рады БНР і Трэцяя Устаўная Грамата сталі найвышэйшым пунктам беларускае рэвалюцыі.

Гэтымі актамі абвяшчалася, што Беларусь не з’яўляецца часткай Расіі, што ўлада БНР прасціраецца на ўсе тэрыторыі, дзе беларусы з’яўляюцца этнічнаю большасцю, што Беларусь будуецца як незалежная дэмакратычная дзяржава.

Рэвалюцыя будзе завершана

Леў Троцкі пісаў, што кожная рэвалюцыя робіць два крокі наперад, каб зрабіць крок назад. Калі казаць пра беларускую рэвалюцыю, дык Актам 25 Сакавіка былі абвешчаны тры крокі наперад (выхад Беларусі са складу Расіі, незалежнасць і дэмакратыя). У канцы 1918 — пачатку 1919 года ад гэтага ідэалу былі здзейснены два крокі назад.

У канцы 1918 — пачатку 1919 года пад ціскам вонкавых абставін і з прычыны дзейнасці БНР на міжнароднай арэне Масква дала згоду на стварэнне беларускай савецкай рэспублікі. Хоць фармальна Савецкая Беларусь абвяшчалася незалежнаю дзяржаваю, насамрэч БССР стала аўтаномным утварэннем. Па-другое, аддадзеная пад уладу Крамля, БССР не была дэмакратычнаю. Самае большае, на што пайшлі бальшавікі — прызналі права Беларусі на тэрытарыяльную адасобленасць ад Расіі.

Калі некаторыя публіцысты кажуць, што ў 1991 годзе незалежнасць звалілася на Беларусь нечакана, дык гэта мана.

БССР, як пісаў Антон Луцкевіч, была няшчыраю саступкаю Масквы беларускаму руху. Яна не была б створана, калі б не БНР, калі б за справу не ўзяліся былыя сябры Беларускай сацыялістычнай Грамады (Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла ды іншыя), якія, застаючыся патрыётамі сваёй Айчыны, перайшлі на бальшавіцкія пазіцыі. Менавіта нацыянал-камуністы, а таксама былыя сябры БСГ, якія засталіся па-за партыямі, адыгралі выключную ролю ў жыцці БССР у 1920-я.

БССР з яе аўтаноміяй Антон Луцкевіч разглядаў як пераходную прыступку да незалежнасці.

Бальшавікі таксама разумелі, што аўтаномны статус БССР шмат каго не задавальняе, што ідэал, сфармуляваны 25 Сакавіка, жыве ў свядомасці патрыётаў. Умацаваўшыся ва ўладзе, бальшавікі абрынулі свой тэрор на айцоў БНР і на айцоў БССР, на нацыянальную эліту, у тым ліку на цвет беларускага сялянства. Гісторыкі фіксуюць тры хвалі масавага тэрору: 1930–1931, 1933–1934, 1936–1938. У 1939 годзе да БССР была далучана Заходняя Беларусь; каток тэрору пракаціўся і па гэтай тэрыторыі. Гісторык Леанід Маракоў выпусціў не адзін том з біяграмамі пераследаваных, расстраляных, замучаных у турмах і канцлагерах патрыётаў Айчыны, незалежнікаў. А імёны колькіх барацьбітоў мы не ведаем? А колькі ўдзельнічалі ў паваенным незалежніцкім падполлі і паваеннай партызанцы? А колькі людзей мусілі пакінуць Беларусь, каб на чужыне горда ўзняць наш нацыянальны сцяг?

Калі ўвесну 1991 года Міхаіл Гарбачоў правёў рэферэндум аб патрэбе захавання Савецкага Саюза, здзівіла не тое, што 80 працэнтаў выбаршчыкаў у Беларусі галасавалі за СССР, а тое, што пасля дзесяцігоддзяў тэрору, гвалту і падману 20 працэнтаў выбаршчыкаў (кожны пяты!) не пабаяліся выказацца супраць СССР.

Бальшавікі самі сваёй палітыкай падрыхтавалі распад СССР.

25 жніўня 1991 г. адбыўся чарговы акт беларускай рэвалюцыі — пасля 70 гадоў аўтаномнага існавання па-за межамі Расіі наша краіна стала нарэшце незалежнаю.

Чарговы акт нашай рэвалюцыі трэба разглядаць у кантэксце дэмакратычнай рэвалюцыі 1989—1991 гг. у камуністычных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У 1991 г. наша рэвалюцыя ўчыніла два крокі наперад, каб зрабіць крок назад. Стаўшы незалежнаю, Беларусь у 1994 годзе сышла з дарогі дэмакратычных пераўтварэнняў.

Ідэал 25 Сакавіка яшчэ не здзейсніўся цалкам.

Але ён раней ці пазней здзейсніцца.
У імя гэтага ідэалу ўвесь гэты час ідзе змаганне. Пэўна, ніхто не палічыць, колькі людзей за гэтыя шаснаццаць год былі арыштаваныя, аштрафаваныя, пазбаўленыя права на працу і вучобу, збітыя, прайшлі праз турмы і знаходзяцца ў турмах, вымушаныя былі эміграваць. Не забудзем і крывавыя ахвяры канца 1990-х. І калі ідэал незалежнай дэмакратычнай Беларусі здзейсніцца, гэта будзе апошні акт беларускай рэвалюцыі, пачатак якой пакладзены ў далёкім 1903 годзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?