Польшча і Літва падпісалі ў пятніцу ў Вільні дагавор наконт будаўніцтва так званага энэргетычнага мосту, ці транзытнага злучэньня электраэнэргетычных сыстэм дзьвюх краін. Увод у строй энэргетычнага злучэньня зь Літвой павінен палепшыць энэргетычную бясьпеку.

Дакумэнт пад назвай «Пагадненьне аб праекце спалучэньня літоўскай і польскай электраэнэргетычных сыстэм» было падпісана ў прысутнасьці прэм’ер-міністраў Польшчы і Літвы Яраслава Качыньскага і Гедымінаса Кіркіласа. З польскага боку пагадненьне падпісаў кіраўнік Польскіх электраэнэргетычных сетак (ПЭС) Яцак Соха, зь літоўскага – генэральны дырэктар фірмы «Lietuvos Energija» Рымантас Юазаціс.

Пра патрэбу будаўніцтва энэргетычнага мосту з Польшчай Літва гаворыць больш за дзесяці год. Праект прадугледжвае пабудову ня толькі трансгранічнай лініі Элк–Алітус, але і ліній унутры польскай сыстэмы, што дасьць магчымасьць падключыць наваствораныя магутнасьці да польскай нацыянальнай электраэнэргетычнай сыстэмы.

ПЭС ацэньвае кошт будаўніцтва электраэнэргетычнай сыстэмы на паўночным усходзе Польшчы ў 1,6 млрд злотых. Гэтыя інвэстыцыі будуць прафінансаваны за кошт уласных сродкаў прадпрыемства, а само будаўніцтва будзе доўжыцца да 2015–2020 году.

У той жа час сукупны кошт аб’яднаньня энэргетычных сыстэм ацэньваецца ў мільярд літаў (290 млн эўра). Чакаецца, што гэты праект знойдзе фінансавую падтрымку з боку ЭЗ.

Літоўскі бок разьлічвае, што будаўніцтва энэргетычнага мосту пачнецца налета і будзе скончана ў 2011 годзе. Дзякуючы злучэньню з Польшчай Літва, а таксама Латвія і Эстонія будуць уключаны ў эўрапейскую энэргетычную сыстэму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?