Іван Лагвіновіч адышоў з гэтага свету 29 сакавіка. Будзе пахаваны 31 сакавіка ў Малкавічах (Паўднёвае Панямонне). Прапануем верш з апошняй кнігі Івана Лагвіновіча, якая выйдзе пасмяротна.

Святы Божа, святы моцны,
святы несмяротны!
Пакажы нам шлях збавення –
годны, незваротны.

Абаронца справядлівы
і суддзя праўдзівы –
бездакорны, незаменны,
на ўвесь свет адзіны!

Ты – найпершы й найапошні,
Божа ўсюдыісны!
Бачыш нашага бязладдзя
выступы-крывізны.

Знаеш нашых змрочных думак
хібы і заганы,
як вакол няшчасцяў-бедаў
ходзім мы кругамі.

Заблудзіліся ў грахоўных
лабірынтах цемры:
кветку-папараць шукалі
ў зарасніках церняў.

Прымушалі нас маліцца
ідалам вар’яцкім,
зневажалі, выганялі
з цэркваў уніяцкіх.

Міласэрны, добры Божа!
Дай надзею – грэшным,
выведзі з палону здзекаў,
ацалі, суцеш нас;

бо Ты ведаеш, якія
мы панеслі страты
на шляху да лепшай долі,
да святла і праўды.

Уладару ўсёмагутны!
Будзь заўсёды з намі,
памажы на землях продкаў
стаць гаспадарамі.

Навучы на роднай мове
гаварыць і слухаць.
у імя Айца, і Сына,
і Святога Духа.

Амін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?