Пра гэта паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс 30 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Пошукавыя геолагаразведачныя работы будзе праводзіць РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» ў раёне Брэста ў супрацоўніцтве з польскай кампаніяй.

Ліс адзначыў, што, як заяўляюць у Нацыянальнай акадэміі навук, у Беларусі дагэтуль не выяўлена радовішчаў сланцавага газу.

«І казаць пра яго здабычу або перапрацоўку пакуль ніякага сэнсу няма», — сказаў ён.

Як удакладніў намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белгеалогія» Яраслаў Грыбік, у перспектыве работы па пошуку сланцавага газу запланаваны ў Падляска-Брэсцкай упадзіне і Прыпяцкім прагібе.

Грыбік таксама паведаміў аб планах на найбліжэйшую пяцігодку па павелічэнні прыросту прамысловых запасаў нафты і паляпшэнні іх якасці. З гэтай мэтай плануецца пашырыць глыбіню пошуку нафты: у 2011 годзе ў Магілёўскай вобласці мяркуецца прабурыць свідравіну глыбінёй прыкладна 5 тыс. метраў з ацэнкай ніжніх гарызонтаў асадкавага чахла.

У перспектыве плануецца пашырэнне геаграфіі пошуку нафты. Калі традыцыйна ён выконваецца ў асноўным у паўночнай зоне Прыпяцкага прагібу, то ў будучыні будуць пашыраны пошукавыя работы ў паўднёвай і цэнтральнай яго частках.

Як паведаміў Грыбік, агульны аб’ём прыросту прамысловых запасаў нафты за 2011–2015 гады, згодна з планамі, павінен скласці 6,5 млн. тон.

Сёння ў Беларусі налічваецца 75 радовішчаў нафты, у асноўным на тэрыторыі Прыпяцкага прагібу. З пачатку распрацоўкі здабыча нафты на іх дасягнула 122 млн. тон, астатнія запасы на радовішчах — 56 млн. тон. Рэсурсы нафты ў Прыпяцкім прагібе ацэньваюцца прыкладна ў 160 млн. тон.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?