Віцэ-прэм’ер Сяргей Румас сёння ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву БелТА расказаў сваё бачанне сітуацыі на валютным рынку. Гэта першы выпадак, калі высокі чыноўнік адкрыта выказаўся ў падрымку правядзення дэвальвацыі.

«Адхіленне ў 10% можна ацэньваць і называць па-рознаму, але па сутнасці мы вяртаемся да множнасці валютных курсаў. І было б добра, калі б гэта 10%-ае адхіленне афіцыйнага курсу вырашыла праблему, але тыя сігналы, якія пасылае рынак, кажуць пра тое, што гэтага відавочна недастаткова. Як паказалі вынікі таргоў на міжбанкавым рынку, за гэтыя дні міжбанкавы рынак не ажыў, і шэраг аўтарытэтных экспертаў выказваюць меркаванне, што

гэта паўмера і Нацбанку неабходна ажыццяўляць далейшыя крокі ў гэтым кірунку», —
прызнаўся ён.

Віцэ-прэм’ер упэўнівае, што Савет Міністраў не можа ўплываць на дзеянні Нацбанка: «Тое, што адносіцца да нашай кампетэнцыі, мы сумесна з Нацбанкам вырашаем, прымаем хай не заўсёды папулярныя меры…

Мы занепакоены тым, што прадпрыемства і грамадзяне не могуць звычайна купляць валюту.
Мы выказваем Нацыянальнаму банку сваё бачанне гэтага пытання».

«Але ў канчатковым выніку рашэнне пытанняў валютнага рэгулявання застаецца за Нацбанкам. Нам бы хацелася, каб сітуацыя вырашылася і рынак пачаў функцыянаваць. Якімі інструментамі гэта зрабіць — Нацбанку лепш бачна», — зазначыў ён.

Па яго словах, дэвальвацыя зніме насцярожанасць фундатараў.

Румас выказаў вялікі сумнеў у тым, што расійскі крэдыт зменіць сітуацыю на валютным рынку: «…сігналам для адмены ўведзеных часавых абмежаванняў на валютным рынку не стане нават магчымае атрыманне грошай ад Расійскай Федэрацыі. Такім сігналам павінна стаць паляпшэнне стану эканомікі», — падагульніў віцэ-прэм’ер.

Віцэ-прэм’ер Сяргей Румас заняў сваю пасаду пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Прафесійны банкір і прыхільнік рынку, ён пяць гадоў кіраваў «Белаграпрамбанкам».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?