Беларусы зацягнуць паясы. Урад і Нацбанк рэалізуюць меры, накіраваныя на змяншэнне ўнутранага попыту. Іншымі словамі, на зніжэнне інвестыцый у вытворчасць і даходаў насельніцтва.

Пра гэта паведамляе ў мегагалоўным артыкуле лукашэнкаўскае агенцтва БЕЛТА. Мінфін тлумачыць патрэбу гэтага зніжэннем суверэнных крэдытных рэйтынгаў Беларусі.

Што мяркуецца зрабіць?

Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў аб планах па скарачэнні дзяржпраграм на 50%, спаслаўшыся на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі.

«Прэзідэнтам пастаўлена задача пачынаць перагляд дзяржпраграм з улікам скарачэння іх фінансавання на 50% пры дасягненні тых жа вынікаў», — сказаў М. Снапкоў на брыфінгу
ў чацвер у Мінску. Праўда, цяжка зразумець, як можна зварыць літр супу, калі заліць паўлітра вады.

Міністр падкрэсліў, што «Мінэканомікі і ўрад не вядуць размова аб скарачэнні сацыяльных праграм — будзе скарачацца фінансаванне праграм у рэальным сектары эканомікі», — сказаў ён. Ягоныя словы цытуе агенцтва «Інтэрфакс».

Снапкоў таксама падвёў пад новы курс урада ідэалагічную аснову: апошнюю заяву Лукашэнкі пра тое, што «жыць трэба па сродках».

У Мінфіне адзначылі, што ўрад ставіць на мэце скарачэнне дэфіцыту бюджэту з 3 працэнтаў да 1,5 працэнта да ВУП. Для гэтага мяркуецца «павысіць ролю прадпрыемстваў сыравінных галін у фармаванні даходаў без змянення ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку краіны ў цэлым, а таксама аптымізацыяй і абмежаваннем расходаў бюджэтных арганізацый і аб’ёмаў дзяржаўных інвестыцый». Гэта значыць, мяркуецца мацней даіць «Беларуськалій», а таксама зніжаць траты.

Урад гарантуе, што будзе і надалей плаціць за раней узятыя крэдыты —
пытанне, якое наймацней турбуе замежных трымальнікаў беларускіх аблігацый.

Нацыянальны банк 31 сакавіка абвесціў мараторый на прыняцце новых рашэнняў у галіне валютнай, курсавой і грашова-крэдытнай палітыкі. Ён мае працягнуцца да моманту атрымання крэдытаў ад Расіі. Нацбанк спадзяецца, што пытанне з імі вырашыцца за 20—30 дзён.

Атрыманне дзяржаўнага крэдыту з-за мяжы — адзіны спосаб фінансавання гіганцкага дэфіцыту валюты ў Беларусі.

У мінулыя гады Беларусь атрымлівала стабілізуючыя пазыкі ад Міжнароднага валютнага фонду пад нізкі працэнт. Сёлета гэта стала немагчымым, бо ў МВФ большасць галасоў належыць ЗША і краінам ЕС, а Беларусь рэзка пагоршыла адносіны з Захадам пасля выбараў. Захад прызнаў выбары ў Беларусі сфальшаванымі і асудзіў масавыя арышты палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. Раздражненне заходніх эліт выклікае таксама прапагандысцкая гнюсь лукашэнкаўцаў.

Яшчэ раней

беларускі ўрад доўгія гады атрымліваў фінансаванне з Масквы, узамен за палітычную лаяльнасць і палітыку русіфікацыі. З часам Расія стала патрабаваць у дадатак яшчэ і продажу беларускай маёмасці ва ўласнасць расійскіх кампаній.
Так, Лукашэнка вымушаны быў саступіць «Газпрому» «Белтрансгаз». Расійскі дзяржаўны «Сбербанк» атрымаў кантроль над «БПС-Банкам». Расейцам адышлі «Белзнешэканомбанк», малочныя заводы, некаторыя іншыя перспектыўныя прадпрыемствы.
Можна меркаваць, што выдзяленне новых крэдытаў Масква ўвязвае з новымі прыватызацыйнымі кантрактамі на сваю карысць. Усяго гэтым разам Мінск просіць 3 мільярды даляраў.
Пры гэтым агульная запазычнасць Беларусі ўжо дасягнула прыкладна 28 ці 29 мільярдаў — дакладных звестак няма на канец сакавіка пакуль няма. У той жа час за зіму золатавалютныя запасы скараціліся на 30% да 4 мільярдаў даляраў, а запазычанасць Нацбанку камерцыйным банкам вырасла на 20% да 4,4 мільярдаў даляраў.

Міжнародныя рэйтынгавя агенцтвы на гэтым тыдні чарговы раз панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі. Унутры краіны насельніцтва асаджае абменнікі, спрабуючы купіць валюту. Пры разліках між прадпрыемствамі ўстанавіўся шэры курс рубля — 3600–3700 за даляр. Большасць экспарцёраў проста прытрымлівае валюту ў чаканні дэвальвацыі.

Каб змякчыць сітуацыю, Нацбанк дэвальваваў рубель на 6% ад пачатку года, а 29 сакавіка — яшчэ на 10% для прадпрыемстваў (курс для насельніцтва застаўся ранейшы).

Ад 29 сакавіка банкі могуць прадаваць юрасобам даляры па 3340 рублёў, а еўра — па 4720 рублёў. Курс у абменніках прыкладна на 8% ніжэйшы.

У чаканні збавенных расійскіх крэдытаў улады адчайна стараюцца праплыць між Сцылай дэвальвацыі і Харыбдай дэфолту.
З аднаго боку, Лукашэнка асабіста абяцаў насельніцтву, што дэвальвацыі не будзе. З другога боку, захаванне завышанага курса рубля прыводзіць да росту імпарту і вымывання валюты з краіны.

Тры месяцы таму Лукашэнка публічна забараніў ажыццяўляць новыя замежныя запазычванні. Ён таксама прызнаў, што «краіна жыве не па сродках». Аднак няглядзячы на такія гучныя заявы, ад таго часу Беларусь ажыццявіла новыя запазычванні праз выпуск аблігацый. Больш за тое, рыхтуецца выпуск аблігацый аблвыканкамаў і «Беларусбанка». Што да расійскіх крэдытаў, то ад пасла Расіі Сурыкава стала вядома, што Масква абумоўлівае іх «структурнымі рэформамі ў эканоміцы». Пакуль невядома, што дакладна маецца на ўвазе.

Дэвальвацыйныя чаканні ўзмацняліся меркаваннямі, што аслабленне беларускага рубля — адно з патрабаванняў расійскага Мінфіна.

Новы курс урада вымушаны: золатавалютныя рэзервы краіны знізіліся да небяспечнага ўзроўню, у краіне ўзнік дэфіцыт валюты. Перад Беларусь устаў прывід дэфолту. Усё гэта выклікана перагрэвам эканомікі ў 2009–2010 гадах. У выніку скарачэння дзяржпраграм можна чакаць змяншэння рэальнага эканамічнага росту і зніжэння ўзроўню жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?