15 гадоў там была падпісаная дамова аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расеі, якая потым пераўтварылася ў гэтак званую «саюзную дзяржаву». Які шлях за гэтыя гады прайшоў праект беларуска-расійскай інтэграцыі? Як змянілася стаўленне да Беларусі расійскага кіраўніцтва? На гэтая пытаніні адказвае палітолаг, галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.

Цыганкоў: Супольнасць Беларусі і Расіі, якая пазней перарасла ў гэтак званую «Саюзную дзяржаву» ўтваралася ў сярэдзіне 90-х, калі былі зусім іншых геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя ўмовы. На вашу думку, ці адпавядае на сёння гэты праект інтарэсам беларускіх і расійскіх палітычных эліт ці ён застаўся пераважна ідэалагічным праектам, і рэальнага напаўнення не мае?

Булгакаў: Калі ён існуе то, відаць, нейкім інтарэсам беларускіх і расійскіх эліт ён адпавядае. Проста цягам усяго гэтага часу ішло перафармуляванне гэтых інтарэсаў. Сапраўды, 15 гадоў назад існавала ўражанне, што праект супольнай дзяржавы можа быць увасоблены. І ў Расіі і ў Беларусі пэўнай часткай грамадства ён успрымаўся як рэалістычны.

Цяпер выяўляецца, што ён ад самога пачатку быў прырэчаны на існаванне ў фантомным статусе. Тым не менш нават фармальнае яго існаванне, культывацыя гэтага тэрміну «саюзная дзяржава», а таксама пэўных структур і інстытуцыяў пацвярджаюць думку, што ён па-ранейшаму цікавы пэўным палітыкам як у Беларусі, так і ў Расіі.

Цыганкоў: Ці не здаецца вам, што апошнія гады і асабліва месяцы Расія мяняе сваё стаўленне да стасункаў з беларускім кіраўніцтвам? Калі раней існавала нейкае падабенства адносінаў на роўных, то цяпер усё больш фармуецца стаўленне па схеме васала і сюзерэна?..

Булгакаў: Калі пачыналася ўся валтузьня вакол «саюзнай дзяржавы», то ў Расіі назіраўся паралюш улады. Гэта быў час, калі фармаваўся сучасны алігархічны рэжым, раскраданне «народнага дабра». І тут трэба аддаць належнае Лукашэнку, які ўлавіў, што ў Расіі адбываюцца працэсы, на якіх можна здабываць эканамічную, палітычную і іншую выгаду.

Што тычыцца цяперашняга моманту, то мы бачым кансалідацыю аўтарытарнай дзяржавы ў Расіі, узнікненне больш эфектыўнага палітычнага рэжыму. Але мы не бачым стратэгічнага пераасэнсавання мэтаў расійскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

Фармат застаецца тым самым, толькі больш непрымання выклікае сам Аляксандр Лукашэнка. Стратэгічна Расія зацікаўлена ў тармажэнні беларускага нацыятварэння, у падаўляючай інфармацыйнай прысутнасці ў Беларусі, у росквіце расійскай мовы, у маргінальным статусе беларускай мовы ды іншых падобных рэчаў. Такі падыход застаецца нязменным ужо шмат гадоў. І я думаю, што незалежна ад асобы беларускага прэзідэнта ён будзе такім ці іншым спосабам артыкулявацца і нават па меры магчымасці рэалізоўвацца ў жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?