Новым генеральным дырэктарам РУП «Белтэлекам» прызначаны Сяргей Папкоў, які раней займаў пасаду дырэктара філіяла «Белтэлекама» «Мінская гарадская тэлефонная сетка».
Новага кіраўніка 5 красавіка прадставіў міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей, паведамілі БелаПАН у «Белтэлекаме».

Канстанцін Цікар, які ўзначальваў кампанію на працягу апошніх пяці гадоў (з 30 студзеня 2006 года), завяршыў працу на пасадзе кіраўніка прадпрыемства паводле згоды бакоў.

За пяць гадоў нацыянальны аператар электрасувязі «Белтэлекам» інвеставаў прыкладна 2,5 трлн. рублёў у будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі, мадэрнізацыю мясцовай тэлефоннай сеткі, міжнародных станцый, транзітных вузлоў, сеткі перадачы даных і іншага абсталявання.

Кампаніі ўдалося давесці ўдзельную вагу даходаў ад паслуг перадачы даных з 5,3% у 2006 годзе да 21,6% у 2010 годзе пры 9-працэнтным зніжэнні даходаў ад традыцыйных галасавых паслуг, характэрным для рынку ў цэлым.

Паводле вынікаў 2010 года ў кампаніі было 750 тысяч абанентаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт byfly (рост на 350 тысяч у 2010 годзе). На аснове існай сеткавай інфраструктуры «Белтэлекам» паспяхова стартаваў з першым лічбавым інтэрактыўным тэлебачаннем ZALA і з 2008 года падключыў 220 тысяч абанентаў (рост на 160 тысяч у 2010 годзе) па ўсёй краіне.

***

Сяргей Папкоў нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года. У 1983 годзе скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, у 1999 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Прафесійны рост пачаў у 1983 годзе на пасадзе старшага інжынера, начальніка станцыйнага ўчастка Заводскага лінейна-станцыйнага цэха Мінскай гарадской тэлефоннай сеткі (МГТС). У розныя гады займаў пасады намесніка начальніка Фрунзенскага ЛСЦ МГТС, намесніка начальніка сеткі МГТС, галоўнага інжынера МГТС, з 26 жніўня 2008 года — дырэктар філіяла «Мінская гарадская тэлефонная сетка» РУП «Белтэлекам».

«Белтэлекам» быў створаны 3 ліпеня 1995 года. З’яўляецца першасным інтэрнэт-правайдарам у Беларусі, ажыццяўляе перадачу даных па камутаванай сетцы агульнага карыстання, забяспечвае доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычнай любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, дае міжгародні і міжнародны роўмінг. Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?