Ён узяў удзел у канферэнцыі сацыял-дэмакратаў.

Пра гэта паведамляецца на сайце прыхільнікаў БСДП (Грамада).

«2 красавіка адбылася канферэнцыя сацыял-дэмакратаў, у якой узялі ўдзел сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Валянціна Болбат, Вячаслаў Болбат, Пятро Краўчанка, Аляксей Сігаеў, Анатоль Сідарэвіч, Нэлі Шлойда і сябры арганізацыйнага камітэта Народнай Грамады Аляксей Гаўруцікаў, Валеры Епіфанаў, Юры Захаранка, Аляксандр Ірхо, Васіль Лаўранюк, Ніна Стужынская і Алена Фаміна, — напісана ў паведамленні. — Удзельнікі канферэнцыі абмяняліся думкамі аб сучасным становішчы беларускай сацыял-дэмакратыі і магчымых напрамках ўзаемадзеяння БСДП і аргкамітэта Народнай Грамады.

Удзельнікі дыялогу аднадушна згадзіліся, што прыярытэтным напрамкам дзейнасці сацыял-дэмакратаў павінна быць барацьба за безумоўнае вызваленне палітычных вязняў. Было выказана пажаданне праводзіць сустрэчы прадстаўнікоў БСДП і НГ рэгулярна.
Бакі згадзіліся, што неабходна наладзіць супольныя мерапрыемствы, прысвечаныя 130-й гадавіне з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Івана Луцкевіча і 120-годдзю з дня нараджэння выдатнага дзеяча беларускай сацыял-дэмакратыі, аўтара першай „Геаграфіі Беларусі“ Аркадзя Смоліча».

Пятро Краўчанка быў адным з маладых лідараў Кампартыі Беларусі ў канцы 80-х. Да 1994 года ён займаў пасаду міністра замежных спраў краіны. Належаў да нацыянальна-дэмакратычнага крыла і ў Кампартыі, і ва ўрадзе Кебіча. Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі належаў да апазіцыі ў Вярхоўным Савеце, але пасля перавароту 1996 года пагадзіўся выехаць паслом Беларусі ў Японію. Справа, аднак, скончылася адстаўкай пасля спробаў спецслужбаў накапаць на яго кампрамат на пасольскай пасадзе.

Краўчанку разглядалі ў якасці патэнцыйнага кандыдата ад апазіцыі перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі. Такія прапановы яму рабіла левае крыло Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Ён аб’ехаў з сустрэчамі некалькі гарадоў краіны. Аднак у выніку, як стала вядома «Нашай Ніве» з крыніцы, блізкай да сп. Краўчанкі, адмовіўся ад прапановы, бо не пабачыў сацыяльнай базы для ўзнікнення моцнай палітычнай сілы і, шырэй беручы, пераменаў у краіне.
Учора Пятро Краўчанка як былы міністр замежных спраў Беларусі нечакана ўзяў удзел у ток-шоу «Адкрыты фармат» на тэлеканале АНТ.

У мінулым не раз выказвалася меркаванне, што Краўчанка можа балатавацца на пасаду старшыні БСДП (Грамада).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?