Удзельніку Плошчы Паўлу Вінаградаву прад’явілі пашыранае абвінавачанне.
Акрамя ўдзелу ў масавых беспарадках яго вінавацяць таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў бацька Паўла Юрый Вінаградаў.

«Абвінавачанне грунтуецца на фота- і відэаматэрыялах. Мне складана сказаць, што менавіта следчыя знайшлі ў сканфіскаваным камп’ютары.

Я бачыў там толькі фота з лецішча пад Дзяржынскам, дзе Павел разам з сябрамі паліў пудзіла, падобнае да вядома каго... Магчыма, на ім і была нейкая сімволіка.
Дапускаю, што ў сына і яшчэ нейкія файлы былі там — мне гэта невядома. Не ведаю таксама, што ў следчага ёсць», — распавёў «НН» Юрый Вінаградаў.

Выпадак са спальваннем ёлупа адбыўся чатыры гады таму, аднак, нягледзячы на даўнасць тэрміну, следства вырашыла далучыць новы эпізод да усёй справы. На думку адваката П.Вінаградава, тэрмін даўніны злачынства, якое прадугледжана артыкулам «аб знявазе дзяржаўнай сімволікі», ужо мінуў.

Нагадаем, што актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава забралі 5 студзеня з уласнай кватэры. Там жа быў праведзены ператрус, падчас якога міліцыянты забралі з сабой камп’ютар актывіста. Праз некаторы час пасля затрымання П.Вінаградава паказалі па БТ. У кароткім роліку ён сцвярджаў, што не шкадуе аб удзеле ў Плошчы і лічыць свае ўчынкі правільнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?